Прэс-сакратар польскага МЗС Лукаш Ясіна паведаміў «Белсату», што на паседжанне Рады міністраў замежных справаў Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе замест памерлага 26 лістапада Уладзіміра Макея паедзе пастаянны прадстаўнік Беларусі пры АБСЕ ў Вене Андрэй Дапкюнас.
Паседжанне Рады міністраў замежных спраў АБСЕ адбудзецца 1-2 снежня ў польскім горадзе Лодзь.
«На паседжанні АБСЕ ў Лодзі Беларусь будзе прадстаўляць Андрэй Дапкюнас – сталы прадстаўнік пры АБСЕ ў Вене», – паведаміў Лукаш Ясіна.
Андрэй Дапкюнас займаў пасаду намесніка міністра замежных спраў Беларусі з 2017 па 2020 год. У ліпені 2020 года ён быў прызначаны паслом Беларусі ў Аўстрыі і Славеніі, а таксама пастаянным прадстаўніком Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене і пры Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ).
Раней міністр замежных справаў Польшчы Збігнеў Рау і генеральны сакратар АБСЕ Хельга Шмід пацвердзілі звесткі, што памерлы 26 лістапада кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей мусіў на наступным тыдні прыняць удзел у паседжанні Рады міністраў замежных спраў АБСЕ.
«Мы глыбока ўзрушаныя раптоўнай смерцю міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея. Мы з нецярпеннем чакалі яго прысутнасці на сустрэчы Рады міністраў АБСЕ на наступным тыдні ў Польшчы. Нашы шчырыя спачуванні яго сям’і», – гаворыцца ў паведамленні.
We, @OSCE Chairman-in-Office @RauZbigniew and @HelgaSchmid_SG, are deeply shocked by the sudden demise of Foreign Minister of Belarus Vladimir Makei.
We looked forward to his presence at the OSCE Ministerial Council next week in Poland. Our sincere condolences go to his family.
— Polish OSCE Chairmanship 2022 (@PLinOSCE) November 26, 2022
Паседжанне Рады міністраў замежных спраў АБСЕ ў Лодзі адбудзецца 1-2 снежня. Раней польскія ўлады адмовілі міністру замежных справаў Расеі – Сяргею Лаўрову – у магчымасці прыбыць на нараду, на што ў РФ абурыліся.
Алена Рувіна belsat.eu