Замірэнне паміж Ізраілем і «Хамасам» працягнецца яшчэ мінімум два дні і будзе дзеяць на тых жа ўмовах, піша «Reuters». Гэта дазволіць вызваліць 20 закладнікаў. У Іерусаліме ўжо атрымалі пералік асобаў, якія сёння вернуцца дадому.
Перамовы, дзякуючы якім удалося прадоўжыць замірэнне, ідуць пры пасярэдніцтве Катару і Егіпту. Спачатку планавалася, што пагадненне паміж Ізраілем і «Хамасам» будзе дзеяць чатыры дні, аднак угода стымулявала баевікоў надалей адпускаць людзей: 10 вызваленых закладнікаў за адзін дзень спынення агню.
Ізраіль ужо атрымаў пералік закладнікаў, якія сёння мусяць вярнуцца дадому. Чакаецца, што за два дадатковыя дні будуць вызваленыя 20 асобаў. У адказ Ізраіль адпусціць 50 палестынцаў. Сярод іх – актывістка Агэд Тамімі, арыштаваная тры тыдні таму за падбухторванне да гвалту. Паводле версіі ізраільскіх сілавікоў, яна напісала ў сацсетках:
«Нашае паведамленне статкам пасяленцаў заключаецца ў тым, што мы чакаем вас ува ўсіх гарадах Заходняга берагу. Мы заб’ём вас, мы будзем піць вашу кроў і есці вашыя чарапы. Прыходзьце, мы вас чакаем».
Пры гэтым пацверджанняў таго, што гэтыя акаўнты належаць актывістцы, Ізраіль не даў.
כל הכבוד לכוחות צה”ל שעצרו הלילה את המחבלת ו”פעילת זכויות האדם” עהד תמימי מנבי סאלח שהורשעה בעבר בתקיפת חיילי צה”ל ומאז פרוץ המלחמה מביעה הזדהות ותמיכה בחיות האדם הנאצים ברשתות החברתיות. אפס סובלנות עם מחבלים ועם תומכי טרור! רק ככה! pic.twitter.com/YeozAiUxvd
— איתמר בן גביר (@itamarbengvir) November 6, 2023
Тамімі зрабілася вядомаю, калі ў падлеткавым узросце яе пасадзілі за аплявуху ізраільскаму жаўнеру. Дзяўчына, якой на той момант было 16 гадоў, адбыла васьмімесячны тэрмін у турме, а пасля вызвалення «выправілася ў пераможны тур па Еўропе і Блізкім Усходзе», піша «The Times Of Israel».
За чатыры дні замірэння былі вызваленыя 69 закладнікаў і 150 вязняў-палестынцаў.
Сцяпан Кубік belsat.eu