Ва ўмовах поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну супраціў беларусаў у 2022 годзе набыў новы змест – антываенны. Найбольш вядомай і эфектыўнай праявай антываеннага руху сталі акцыі «рэйкавых партызанаў». Акрамя таго, беларусы сёлета спрабавалі аднавіць вулічныя пратэсты, ладзілі акцыі салідарнасці і пакідалі пратэставыя надпісы. Belsat.eu падрыхтаваў агляд беларускага супраціву ў 2022 годзе.
З самага пачатку расейскага ўварвання ва Украіну беларусы сталі псаваць чыгуначную інфраструктуру, каб перашкодзіць руху вайсковай тэхнікі агрэсара праз тэрыторыю Беларусі. Першыя партызанскія акцыі адбыліся неўзабаве пасля пачатку вайны: 26–27 лютага на перагоне Вярхі – Вярэйцы, а таксама каля станцыі «Барысаў». Гэтыя дзеянні сталі называць рэйкаваю вайною, аналагічна з партызанскімі акцыямі масавага разбурэння чыгуначных камунікацыяў у гады нацысцкай акупацыі Беларусі.
Усе акцыі сучасных партызанаў мелі негвалтоўны характар – ад іх дзеянняў ніхто не пацярпеў. Асноўнай формай дыверсіяў сталі падпалы рэлейных шафаў сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ), праз што пераставалі працаваць святлафоры і стрэлачныя пераводы. Але сустракаліся і іншыя варыянты. Напрыклад, а на перагоне Магілёў-2 – Буйнічы партызаны закарацілі рэйкавы цэп дроту, а ў Стоўбцах сямейная пара, Сяргей і Кацярына Глебкі, падпаліла на рэйках бярвёны, каб спыніць рух вайсковых эшалонаў. У выніку Сяргея Глебку пакаралі 11 гадамі калоніі.
Агулам, паводле МУС, менш чым за шэсць тыдняў з пачатку вайны на беларускай чыгунцы адбылося звыш 80 дыверсіяў.
Атакавалі чыгунку і кіберпартызаны. Першы ўдар быў нанесены яшчэ ў студзені, да вайны. Яшчэ дзве атакі яны арганізавалі пасля пачатку расейскага ўварвання ва Украіну – 27 лютага і 2 сакавіка. Хакеры вывелі са строю кампʼютарную сетку, у выніку чаго Беларуская чыгунка была вымушана часова перайсці на ручны рэжым кіравання.
Паводле «The Washington Post», «рэйкавая вайна» запаволіла перасоўванне расейскіх войскаў, выйграла час для ЗСУ і паспрыяла адбіванню наступу на Кіеў. Факт блакавання чыгуначных каляінаў прызналі ва ўкраінскім Генштабе і Украінскай чыгунцы.
Улады адказалі на акцыі «рэйкавых партызанаў» жорсткімі рэпрэсіямі. У МУС адразу заявілі, што любыя акцыі на чыгунцы будуць расцэньвацца як акты тэрарызму і прыгразілі знішчаць партызанаў. Сілавікі атрымалі карт-бланш на выкарыстанне зброі: у пачатку красавіка некалькі партызанаў пры затрыманні былі параненыя. Аднаму з іх, Віталю Мельніку, прастрэлілі каленныя суставы, а потым пакаралі 16 гадамі зняволення.
Прысуды іншым «рэйкавым партызанам» таксама былі надзвычай жорсткія: працаўнік чыгункі з Віцебску Сяргей Канавалаў атрымаў 15 гадоў зняволення, прадпрымальнік з Асіповічаў Аляксей Шышкавец – 11. Рэкордныя тэрміны пакарання прысудзілі светлагорскім партызанам: Алегу Малчанаву – 21 год зняволення, Дзмітрыю Равічу – 22 гады, Дзянісу Дзікуну – 23 гады.
Па шэрагу партызанскіх справаў цяпер або ідуць суды, або працягваецца следства. Усяго праваабаронцы прызналі палітвязнямі 12 «рэйкавых партызанаў».
Акцыі супраціву на чыгунцы падштурхнулі рэжым Лукашэнкі да таго, каб унесці ў Крымінальны кодэкс змены, якія пашыраюць сферу выкарыстання смяротнага пакарання. Папраўкі набылі моц у траўні. Цяпер расстрэл можа пагражаць не толькі за здзяйсненне тэракту, але і за замах на акт тэрарызму.
Беларусы ў 2022 годзе актыўна ўдзельнічалі ў інфармацыйным супраціве расейскай агрэсіі, фіксуючы факты перамяшчэння вайсковай тэхнікі, звесткі аб запусках ракетаў і палётах авіяцыі.
Сотні людзей па ўсёй краіне сталі добраахвотнымі вачыма і вушамі маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн». Кіраўнік «Беларускага Гаюна» Антон Матолька ў адным з інтэрвʼю распавёў, што ягоная каманда штодня атрымлівае каля тысячы інфармацыйных паведамленняў ад неабыякавых беларусаў. Таксама шмат інфармацыі аб вайсковай актыўнасці ў Беларусі дасылалі сёлета незалежным медыям.
Паколькі «Беларускі Гаюн» і большасць незалежных медыяў былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі», то і дасыланне ім здымках ці паведамленняў улады кваліфікавалі як «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці». За перадачу інфармацыі аб перасоўванні расейскіх войскаў у Беларусі арыштавалі дзясяткі беларусаў – ім даюць ад 2 да 4 гадоў калоніі.
Вайна ва Украіне справакавала таксама хвалю вулічных пратэстаў. 27 лютага, у асноўны дзень галасавання на «рэферэндуме», людзі рабілі надпісы з антываеннымі лозунгамі на бюлетэнях, а потым збіраліся каля выбарчых участкаў і масава выказвалі сваю нязгоду ў сувязі з падзеямі ва Украіне. Тысячы людзей выйшлі на антываенную акцыю да будынку Генштабу ў Менску, яны скандавалі «Не вайне» і «Слава Украіне». Гэта былі самая буйная вулічная дэманстрацыя з 2020 года.
Антываенныя выступы адбываліся не толькі ў сталіцы. Агулам, паводле звестак ПЦ «Вясна», пратэсты прайшлі ў 25 гарадах і мястэчках Беларусі. У рэгіёнах пераважна пратэсты адбываліся ў фармаце акцыяў салідарнасці і пікетаў: людзі выходзілі з плакатамі «Не вайне», «Слава Украіне», «Я/Мы супраць вайны» і г. д. Антываенныя пратэсты ў Менску і рэгіёнах былі жорстка здушаныя. Толькі 27–28 лютага па ўсёй Беларусі былі затрыманыя 1100 чалавек, а агулам за першыя 1,5 месяца вайны – 1500. Быў распачаты шэраг крымінальных справаў.
Адзіночныя праявы супраціву набывалі самыя розныя формы. Напрыклад, у красавіку ў Гомлі Дар’я Чурава пакінула на лабавым шкле машыны праўладнага блогера запіску «Русский военный корабль, иди…». А ў Наваполацку Ганна Тукава зладзіла стыхійную антываенную акцыю падчас лінейкі ў гімназіі № 1: яна выйшла да людзей у вайсковай форме і паказала знак «Victory».
У першыя тыдні вайны на вуліцах Менску і іншых гарадоў Беларусі з’явілася шмат антываенных надпісаў і графіці. Аўтараў такіх надпісаў пераследавалі ў крымінальным парадку, кваліфікуючы іх дзеянне як «апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці». Напрыклад, берасцейскага мастака Рамана Барташа за надпіс «No war» пакаралі 1 годам «хатняй хіміі», а менчуку Івану Карабельнікаву за аналагічны надпіс на плоце прысудзілі 3 месяцы арышту. Жыхара Кобрына Уладзіміра Кавалёва за надпісы ў падтрымку Украіны асудзілі да 2 гадоў «хатняй хіміі».
Спецслужбы пераследавалі беларусаў за любую праяву салідарнасці з Украінай і выказванне антываенных поглядаў. Людзей затрымлівалі за стужачку колераў украінскага сцяга і татуіроўку пра «расейскі вайсковы карабель», за крытычныя каментары ў сацсетках і адмову абслугоўваць расейскіх вайскоўцаў. Нават песня ўкраінскай групы «Океан Ельзи», якую выканала на вулічным канцэрце спявачка Мерыем Герасіменка, стала нагодай для рэпрэсіяў.
Але нягледзячы на беспрэцэдэнтны тэрор беларусы працягвалі супраціў. У канцы жніўня былі вывешаны бел-чырвона-белы сцяг і сцяг Украіны на 19-паверховым доме на вуліцы Лесі Украінкі ў Менску, а ў кастрычніку беларускі і ўкраінскі сцяг з’явіліся на апоры ЛЭП у Маскоўскім раёне сталіцы. На жаль, удзельнікаў абодвух акцыяў салідарнасці ў выніку высачылі і затрымалі, супраць іх былі распачатыя крымінальныя справы.
Глеб Нержын belsat.eu