Вярхоўны Суд разгледзіць апеляцыі белапанаўцаў 6 студзеня

Вярхоўны Суд Беларусі на пачатак студзеня запланаваў разгляд апеляцыяў супрацоўнікаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, асуджаных на працяглыя тэрміны пазбаўлення волі. Пра гэта паведамляе БАЖ.

Ірына Леўшына, Дзмітрый Наважылаў, Андрэй Аляксандраў, Ірына Злобіна. Калаж: БАЖ / Telegram / bajby

Разгляд касацыйных скаргаў асуджаных на працяглыя тэрміны зняволення фігурантаў справы інфармацыйнага рэсурсу БелаПАН папярэдне прызначаныя ў Вярхоўным Судзе на 6 студзеня 2023 года.

«У парушэнне існых юрыдычных працэдур чатырох удзельнікаў «справы БелаПАН» яшчэ ў канцы кастрычніка перавялі для пачатку адбыцця прызначаных тэрмінаў пакарання з менскага следчага ізалятару № 1 у іншыя месцы краіны. Нават не дачакаўшыся разгляду Вярхоўным Судом касацыйных заяў на «несправядлівыя прысуды», – гаворыцца ў паведамленні БАЖ.

Журналістаў адразу пасля прысуду развезлі па калоніях Беларусі. Андрэй Аляксандраў і Дзмітрый Наважылаў цяпер сядзяць ў СІЗА № 2 Віцебску, Ірына Леўшына і Ірына Злобіна — у СІЗА № 3 у Гомлі.

Паводле БАЖ, пакуль не зразумела, як пройдзе разгляд скаргі. Асуджаных наўрад ці павязуць назад у Менск. «Скаргі ў найлепшым выпадку будуць агучаныя праз відэасувязь, або суддзі проста абмяжуюцца прысутнасцю абаронцаў зняволеных». Прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў сумняюцца ў тым, што будзе нейкі плён ад разгляду апеляцыі: «Як сведчыць практыка палітычных працэсаў, абскарджанне ў вышэйшых інстанцыях не мае асабліва плёну: амаль стопрацэнтна першапачатковыя выракі застаюцца без зменаў».

Нагадаем, што 6 кастрычніка Менскі абласны суд абвесціў вырак у «справе БелаПАНу». Усе падсудныя атрымалі буйныя тэрміны зняволення. Справу разглядалі ў закрытым рэжыме. Усе чацвёра падсудных прызнаныя палітвязнямі. Прысуд быў такі:

  • медыяменеджар Андрэй Аляксандраў – 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму,
  • актывістка і жонка Аляксандрава Ірына Злобіна – 9 гадоў калоніі агульнага рэжыму,
  • экс-дырэктар БелаПАНу Дзмітрый Наважылаў — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму,
  • галоўная рэдактарка БелаПАНу Ірына Леўшына – 4 гады калоніі агульнага рэжыму.

Таксама прызначылі буйныя штрафы: Аляксандраву – 32 000 рублёў, Злобінай – 25 600, Наважылаву – 22 400 рублёў. Ім забароняць займаць пэўныя пасады цягам пяці гадоў. Вёў справу суддзя Вячаслаў Тулейка, на сумленні якога нямала жорсткіх вердыктаў у палітычных справах.

Агучылі прысуд у «справе БелаПАНу»: ад 4 да 14 гадоў калоніі

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны