Украіна: Расея выкарыстоўвае Беларусь для вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторыяў

Расея складае спісы дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны, якіх плануюць вывозіць у Расею праз Беларусь, распавёў упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны ў правах чалавека Дмытро Лубінец. Яшчэ тысячы дзяцей могуць быць ужо ў Беларусі перад ад’ездам у Расею, кажа ён.

Дзеці з акупаванага Данбасу на вакзале ў Менску. 18 верасня 2023 года. Фота: БелТА

«Мы фіксуем новую сістэмную праблему, калі расейцы дэпартуюць украінскіх дзяцей менавіта праз тэрыторыю Беларусі. Паводле маёй інфармацыі, яны ўвесь час складаюць новыя спісы дзяцей, якія цяпер застаюцца на часова акупаванай тэрыторыі Украіны, у прыватнасці, у Данецкай і Луганскай вобласцях, і будуць праз тэрыторыю Беларусі вывезеныя ў РФ», – кажа Лубінец.

На ягоную думку, такім чынам расейцы могуць спрабаваць максімальна закрыць інфармацыю, што ўкраінскія дзеці перабываюць на тэрыторыі Расеі. А Беларусь для расейцаў – гэта дадатковая магчымасць схаваць інфармацыю пра дэпартаваных украінскіх дзяцей.

«Выяўленне факту дэпартацыі і верыфікацыя дзіцяці – гэта карпатлівая праца. Нам трэба выявіць, хто ўзяў дзяцей, адкуль, як ён іх прывёз на тэрыторыю Расеі. А калі гэта адбываецца праз тэрыторыю Беларусі, як знайсці такую інфармацыю на яе тэрыторыі? Максімальна складана», – працягвае Дмытро Лубінец.

Усяго ў Беларусі могуць быць тысячы ўкраінскіх дзяцей, мяркуе омбудсман.

«Але, на маю думку, яны там часова. То бок, гэта прамежкавы пункт у лагістыцы перад транспартаваннем у РФ», – адзначае ён.

Тым часам прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі распавяла, што 28 снежня на акцыі «Нашыя дзеці» Лукашэнка выступіў перад дзецьмі. Сярод іх «дзеці з Данбасу, якія цяпер на аздараўленні ў Беларусі, дзеці з Латвіі і Прыморскага краю».

«Я шмат разоў казаў і паўтару, што ў Беларусі няма чужых дзяцей», – заявіў Лукашэнка.

Расея атакуе, але выйсці з пазіцыйнага тупіка не можа. Тлумачым, што адбываецца на фронце

Арсен Рудэнка belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны