«Акно ў Еўропу» пераўтвараецца ў шчыліну. На мяжы з Літвою застанецца два адкрытых пункты пропуску

1 сакавіка на беларуска-літоўскай мяжы закрыюцца два пераходы: «Лаворышкес – Катлоўка» і «Райгардас – Прывалка». У суседнюю краіну цяпер можна будзе трапіць толькі праз два пункты пропуску. На мяжы з іншымі дзяржавамі ЕЗ – Польшчаю і Латвіяй – працуюць па аднаму пераходу. Да поўнага апускання жалезнай заслоны засталося зусім крыху.

Памежны пункт пропуску «Лаворышкес» (з беларускага боку – «Катлоўка») напярэдадні закрыцця двух пераходаў. 29 лютага 2024 года. Фота: Ганна Русінава / Белсат

Заходняя Еўропа, геаграфічна застаючыся на месцы, аддаляецца ад беларусаў. Раней Польшча закрыла ўсе пункты пропуску, акрамя Тэрэспалю, Латвія пакінула адкрытым адзін пераход з двух, у Літву цяпер можна будзе трапіць толькі праз два тэрміналы з шасці.

1 сакавіка прыпыняць працу пункты «Лаворышкес» (з беларускага боку – «Катлоўка») і «Райгардас» («Прывалка»). Адпаведную пастанову літоўскі ўрад ухваліў 21 лютага. У Вільні спасылаюцца на захады бяспекі: маўляў, пасажырскія і грузавыя плыні павялічваюцца, і ладзіць правяранні становіцца цяжэй.

Міністарка МУС Літвы Агне Білатайце дае інтэрв’ю журналістам ля пункту пропуску «Лаворышкес» (з беларускага боку – «Катлоўка») напярэдадні закрыцця двух пераходаў. 29 лютага 2024 года. Фота: Ганна Русінава / Белсат

«Неабходныя вялікія рэсурсы для кантролю патокаў, перадухілення кантрабанды, забеспячэння міжнародных санкцыяў і зніжэння рызыкаў бяспекі дарожнага руху. Гэтая пастанова была абумоўленая таксама рызыкамі, звязанымі з актыўнасцю, што павялічылася, беларускіх спецслужбаў і службаў бяспекі супраць Літвы і нашых грамадзянаў», – казала тады міністарка ўнутраных справаў Агне Білатайце.

Яна наведала «Лаворышкес» 29 лютага, напярэдадні закрыцця двух пераходаў, і паўтарыла тэзу пра тое, што пастанова своечасовая і дапаможа забяспечыць выкананне санкцыяў супраць беларускіх уладаў, а таксама змагацца з незаконным завозам тавараў. Паводле яе, летась у пункце «Райгардас» аб’ёмы кантрабанды выраслі ўдвая.

Літоўскі ўрад пастанавіў закрыць яшчэ два памежныя пераходы

«З увагі на тое, што там бракуе неабходнай інфраструктуры дзеля развязання праблемы кантрабанды, закрыццё гэтага перахода зробіць істотны ўнёсак у абмежаванне магчымасцяў для кантрабанды», – заявіла Білатайце.

Яна таксама адзначыла, што апошнім часам на 70% павялічыўся лік пешаходаў і раварыстаў на мяжы, з 1 сакавіка ім забаранілі мінаць мяжу ў апошніх двух пунктах пропуску.

Памежны пункт пропуску «Лаворышкес» (з беларускага боку – «Катлоўка») напярэдадні закрыцця двух пераходаў. 29 лютага 2024 года. Фота: Ганна Русінава / Белсат

Адначасова кіраўніца МУС Літвы звярнула ўвагу, што рэспубліка пакідае гуманітарны калідор для беларусаў, якія «ратуюцца ад рэжыму»:

«Два памежныя пункты застаюцца адкрытымі. Аднак важна адзначыць, што іншыя пытанні – пытанні бяспекі, іншыя пытанні, звязаныя з нашай інфраструктурай, з праблемаю кантрабанды, – таксама важныя для нашай краіны, і мы прымаем гэтыя захады».

Кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Рустамас Любаевас дае інтэрв’ю журналістам ля пункту пропуску «Лаворышкес» (з беларускага боку – «Катлоўка») напярэдадні закрыцця двух пераходаў. 29 лютага 2024 года. Фота: Ганна Русінава / Белсат

Білатайце праінфармавала, што ў студзені – лютым з узмацненнем кантролю на мяжы ўжо 300 беларусам адмовілі ва ўездзе ў Літву «з увагі на розныя рызыкі», пры тым, што за ўвесь мінулы год у краіну не пусцілі 800 грамадзянаў Беларусі.

Летась на беларуска-літоўскай мяжы кантроль прайшлі 3,9 млн падарожнікаў, што на чвэрць болей, чымся ў 2022 годзе. Паводле падлікаў МУС Літвы, цягам года мяжу мінулі 62 тысячы літоўцаў (на 17,5% меней, чымся ў 2022-м) і 390 тысячаў беларусаў (на 50% болей у параўнанні з пазалетась).

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі раней паведамляў, што ў 2023 годзе нашую краіну ў бязвізавым рэжыме наведалі амаль 245 тысячаў літоўцаў.

Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская раней казала, што закрыццё памежных пераходаў – лекаванне сімптомаў, а не хваробы:

«Гэта ўдарыць найперш па беларусах, якія ў бальшыні супраць Лукашэнкі і падтрымоўваюць Украіну. Не варта будаваць жалезную заслону, бо ад ізаляцыі беларусаў выйграюць толькі Лукашэнка і Пуцін. Для шмат якіх беларусаў мяжа з Літвою – адзіная сувязь са свабодным светам. А для некаторых – адзіная магчымасць уратавацца ад рэпрэсіяў».

Літва апытае 18–20 тысячаў беларусаў. За няправільны адказ можа назваць «пагрозай бяспецы»

Ціханоўская прызнала, што сярод тых, хто трапляе ў Літву, могуць быць памагатыя рэжыму, аднак іх можна выяўляць, змяніўшы сістэму правяранняў.

«Ізаляваць патрэбна Лукашэнку і ягоны рэжым, а не беларусаў. Абмяжоўваць патрэбна грузаперавозы, і найперш плыні падсанкцыйных тавараў. А пасажырскія зносіны патрэбна захаваць», – адзначала лідарка.

Літоўскі журналіст абурыўся беларусамі ў Вільні, заклікаў «паказаць, што ім не радыя»

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, завочна спрачаючыся з Ціханоўскай, заявіў, што жалезную заслону апускае не Вільня, а Лукашэнка:

«Ён апускае заслону ўжо чатыры гады, найперш, тым, што выбары былі нелегітымнымі, тым, што галоўныя правы чалавека былі парушаныя і працягваюць масава парушацца».

Кіраўнік суседняй дзяржавы таксама назваў Беларусь «плацдармам для варожых дзеянняў супраць Украіны». «Усяго гэтага дастаткова, каб суседнія краіны дыстанцыяваліся ад дыктатара, гэта зрабілі Латвія і Польшча. У іх усяго па адным пункце, у нас будзе два. На дадзены момант гэтага дастаткова», – сказаў Наўседа.

На мяжы Літвы з Беларуссю застанецца толькі два пераходы: «Каменны Лог – Мядзінінкай» і «Беняконі – Шальчынінкай».

Памежны пункт пропуску «Лаворышкес» (з беларускага боку – «Катлоўка») напярэдадні закрыцця двух пераходаў. 29 лютага 2024 года. Фота: Ганна Русінава / Белсат

Дзяржаўны памежны камітэт нашай краіны прагназуе, што чэргі і, адпаведна, час чакання ў гэтых пунктах пропуску істотна вырасце, прынамсі, для грузавога транспарту, бо адбудзецца «пераразмеркаванне транспартавых плыняў»:

«Літоўскі кірунак застаецца самым загружаным для грузавога транспарту на мяжы Беларусі і краінаў Еўразвязу. Прагназуецца змяншэнне колькасці цяжкавікоў, якія фактычна кожныя содні запускаюцца на літоўскую тэрыторыю сумежным бокам, на 40%».

Сёння ў «Катлоўцы» у чарзе было максімум 90 цяжкавікоў і 60 легкавікоў, у «Прывалцы» – толькі 30 легкавых аўтаў. Паводле беларускага памежнага камітэту, ані там, ані там аўтобусаў у чарзе не было.

Затое ў «Каменным Логу» і «Беняконях» – аншлаг: у суме больш за тысячу цяжкавікоў і амаль 300 легкавікоў, затое аўтобусаў у чарзе няма.

Шыльда на пункце пропуску «Лаворышкес» (з беларускага боку – «Катлоўка») напярэдадні закрыцця двух пераходаў. 29 лютага 2024 года. Фота: Ганна Русінава / Белсат

Беларускія памежнікі штодня абвінавачваюць «сумежныя бакі» у маруднай працы, публікуючы лічбы, колькі транспарту аформілі суседзі і колькі гэта «ад нормы». Пры гэтым маецца на ўвазе прапускная здольнасць тэрміналаў, то бок максімальная колькасць транспарту, што могуць прыняць службоўцы суседніх краінаў.

У каментары Дзяржаўнага памежнага камітэту на пастанову Вільні аб закрыцці двух пераходаў заўважна, што ў Менску больш пераймаюцца літоўцамі, а не сваімі грамадзянамі.

«Сумежны бок мэтанакіравана працягвае ствараць перашкоды ў мінанні мяжы грузаперавознікам і ўласным грамадзянам. Пад маркай забеспячэння выканання міжнародных санкцыяў і зніжэння рызыкаў бяспекі літоўскія ўлады ставяць сабе мэту скарачэння плыні грамадзянаў, транспарту і тавараў праз літоўска-беларускую мяжу», – заявілі ў ведамстве.

Афіцыйны Менск абяцае «жорстка адрэагаваць» на рашэнне Літвы закрыць два памежныя пераходы

Беларускія аўтобусныя перавознікі замерлі ў непрыемным чаканні: прагназаваць, колькі часу цяпер будзе займаць мінанне мяжы, складана, аднак маюцца падставы для песімізму.

«Пажадана, каб у вас у запасе было каля 6–8 гадзінаў. Цяпер мы рэкамендуем столькі часу закладваць. Хаця цяпер спазненне ў сярэднім каля 2–4 гадзінаў», – сказалі «Белсату» у адной кампаніі.

У іншай фірме нагадалі, што праз «Прывалку» у Беласток ездзілі маршруткі і аўтобусы з Горадні – гэта быў найкарацейшы шлях пасля закрыцця пераходу «Баброўнікі – Бераставіца»:

«Калі ўсе цяпер ірвануць на Польшчу праз «Беняконі», не ведаю, як будзе праязджаць наш аўтобус на Вільню. «Прывалку» закрываюць, усе паедуць тудою – і ўсё».

«Усё без зменаў адпаведна з раскладам», – запэўнілі карэспандэнта «Белсату» у трэцяй кампаніі. І пакуль буйныя перавознікі аніякіх зменаў у раскладзе не плануюць, у рэгіёнах некалькі рэйсаў усё ж скасавалі. Напрыклад, «Сентиера» больш не будзе ездзіць у Вільню і Каўнас з Віцебску, а дзяржаўны перавознік з Глубокага перастане выконваць рэйсы ў літоўскую сталіцу з Паставаў.

Пры гэтым «Ecolines» на мінулым тыдні абвесціў пра павелічэнне колькасці рэйсаў з Менску ў Вільню.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтобус «Вільня – Ашмяны – Менск». Вільня, Літва. 21 лютага 2024 года. Фота: Белсат

Тым часам Дзяржаўны мытны камітэт паабяцаў павялічыць лік работнікаў у тых памежных пераходах, што будуць працаваць.

«З мэтаю змяншэння часу правядзення мытных аперацыяў у гэтыя пункты пропуску будуць перанакіраваныя тэхнічныя сродкі мытнага кантролю з закрытых пунктаў пропуску», – паведамілі ў ведамстве.

Акрамя таго, мытня падрыхтавала інструкцыю для дальнабойнікаў. Перавознікі змогуць прызначыць іншае месца дастаўкі грузаў замест «Катлоўкі» і «Прывалкаў», падаўшы заяўку ў пісьмовай або электроннай форме.

Што адбываецца на мяжы Беларусі з Еўразвязам?

Сцяпан Кубік belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны