Улады распавялі пра арышт «тэрарыстычнай групы» падлеткаў на чале з 16-гадовай украінкай

Тэлеканал АНТ выпусціў прапагандысцкі фільм «Дзеці на прыцэле. Завербаваныя ворагам», дзе распавядаецца пра арыштаваных падлеткаў і маладых людзей, якіх вінавацяць у «тэрарызме» і супрацы з украінскімі спецслужбамі.

Марыя Місюк. Скрыншот з відэа Телеканал ОНТ / YouTube

У прапагандысцкім фільме распавядаецца пра група пад назвай «Чорныя салаўі», якой кіравала 16-гадовая ўкраінка Марыя Місюк.

Бацькі перавезлі дзяўчынку ў Беларусь два гады таму, пасля пачатку вайны, хаця Марыя не хацела пераязджаць і імкнулася далучыцца да ўкраінскага падполля. Паводле аўтараў фільма, у 14-гадовым узросце Марыя стварыла ў Беларусі «тэрарыстычную ячэйку», куды ўцягнула пяцярых беларусаў: Трафіма Барысава (2006 г.н), Сяргея Жыгалёва (2005 г.н), Дзмітрыя Захарошку, Анастасію Кліменка, Аляксандру Пуліновіч. Усе яны былі навучэнцамі каледжаў у Менску, Баранавічах, Нясвіжы і Лунінцы. Сама Марыя вучылася ў Мірскім дзяржаўным каледжы.

Як, на думку прапагандыстаў, выглядала «тэрарыстычная ячэйка» падлеткаў. Скрыншот з відэа Телеканал ОНТ / YouTube

У фільме сцвярджаецца, што Марыя была звязаная ці то з «Баявой арганізацыяй анарха-камуністаў», ці то «Нацыянальна-вызвалечнай арміяй», але ў любым выпадку дзейнічала нібыта пад кантролем украінскіх спецслужбаў.

Спачатку «Чорныя салаўі» распаўсюджвалі ўлёткі і малявалі графіці, а потым вырашылі арганізаваць выбух у РУУС або пракуратуры ў Баранавічах. «Калі ўзрываць каго, то толькі людзей у форме», – заяўляе на відэа Марыя, знаходзячыся за кратамі. Падлеткі нібыта самастойна сабралі самаробнае выбуховае прыстасаванне.

У фільме не тлумачыцца, пры якіх абставінах арыштавалі падлеткаў. Марыі Місюк выстаўлена абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 289 КК («Акт тэрарызму»). Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе зняволення на тэрмін ад 8 да 20 гадоў.

Таксама прапагандысты распавялі пра пераслед 18-гадовага Данііла Гарасіма, які спачатку здымаў вайсковую тэхніку ў Асіповічах, а потым нібыта мусіў паўдзельнічаць у дыверсіі на чыгунцы. Яму выстаўлена абвінавачванне паводле арт. 356 КК «здрада дзяржаве».

Сергеенка заявіў, што Захад глядзіць на беларускую моладзь «як на вярбовачны матэрыял»

Глеб Нержын belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны