На YouTube-канале «Саша, что ты несешь?!» апублікаваныя чатыры з пяці кароткаметражных фільмаў праекту «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі». Апошні эпізод з’явіцца неўзабаве. Гэта серыя немудрагелістых з пункту гледжання мастацтва кіно дакументальных партрэтаў, дзе з асаблівага – адзіна імёны, што за імі стаяць. Не ведаю, з чым я адчуваю сябе лепш – пісаць пра безнадзейныя патугі «Беларусьфільма» ці пра дробныя кінапраекты, на якія вядомы беларускі рэжысёр растрачвае свой патэнцыял.
Ёсць суцяшальная прыемнасць ва ўсведамленні таго, што нашая гісторыя не ўвасабляецца толькі ў казённых дзяржаўных музеях і падручніках, а таксама робіцца нашымі рукамі на нашых вачах і становіцца прадметам ужо новых музеяў. «Артэфакты» расказваюць пра экспанаты Музею Вольнай Беларусі і іх уладальнікаў. Гэта серыя з пяці кароткаметражных дакументальных фільмаў пра сімвалы пратэстаў 2020 года, тры з якіх зняў Максім Швед – аўтар аднаго з найлепшых дакументальных фільмаў незалежнай Беларусі «Чыстае мастацтва».
Па нашых часах трэба быць шчаслівым з абсалютна беларусацэнтрычнымі кінапраектамі з годным падборам герояў на новых для сябе пляцоўках – «Артэфакты» былі ўвасобленыя для медыя Reform.news. Да таго ж падзеі 2020 года тут не чытаюцца так, быццам мы ў іх захраслі, а акурат зараз любое вяртанне ў той час рызыкоўнае тым, што можа выкрыць няўменне ісці наперад.
Праект жа наадварот падкрэслівае мінуласць, робіць 2020-ы гісторыяй, хронікай на паліцы, прадметам цікавасці даследавання, дзе некаторыя часткі аповеду нават нельга паказаць, можна толькі рэканструяваць. Цікава ўвогуле, колькі целарухаў трэба рабіць з тэмаю 2020 года – блюрыць, адшукваць нейтральныя кадры, рабіць рэканструкцыю. Гэта было толькі чатыры гады таму, відэаматэрыялаў з таго часу мора, а паспрабуй ухітрыся іх выкарыстаць. Агулам паспрабуй зрабіць што-кольвек з тэмаю 2020 года.
Карацей, хоць праект і па-мастацку прымітыўны, ёсць дзеля чаго ім зацікавіцца – дзеля праявы эмоцый рэдка заспетай на камеру Руфінай Базловай, дзеля нястрымнага пазітыва былога палітвязня Аляксандра Івуліна, дзеля кволай, але інтрыгі з пошукам знакамітага кантролера Папы Бо. У рэшце рэшт, дзеля кадраў з Беларусі.
Але буду шчырай, калі б «ідэя і канцэпцыя цыклу не належала Максіму Шведу», не ведаю, ці гэты цыкл прыцягнуў бы маю ўвагу. Прытарны закадравы голас, пастановачныя слоўмо, інтэрв’ю на камеру ў тэлефармаце, зрэжысаваныя рэканструкцыі падзей, каментар Паўла Латушкі як каментар чыноўніка ў заключным эпізодзе – вы разумееце, фармат, жанр, канцэпцыя. Публікацыі эпізодаў адзін за адным на YouTube-канале.
І ўсё тут дарэчна, у гэтым фармаце – і інтэрв’ю на камеру, і выключнай цікавасці героі, бо іх не бывае шмат, і міністр культуры Чэхіі, і палітык Павел Латушка, і зварот дырэктаркі Музею Вольнай Беларусі, і рэжысёры Арцём Багаслаўскі і Сяргей Кавалёў, якія рэалізавалі па адным эпізодзе цыклу. Не на месцы толькі Максім Швед, яго месца ў вялікім дакументальным кіно.
Шкада талентаў, якія растрачваюцца на дробязі, імёнаў, якія не маюць умоваў рэалізоўваць сябе – усе гэтыя адчуванні знаёмыя даўно. Калі такія зацягваліся багнаю «Беларусьфільма» альбо сыходзілі ў камерцыйныя сферы, яшчэ да 2020 года наіўна здавалася, што хоць неяк, але можа стаць лепш. Але пакуль Максім Швед увасабляе «Артэфакты», а я раблю выгляд, што гэта вартая калонкі нагода. Гэта не добра і не дрэнна, проста так ёсць.
Зрэшты, мне па-ранейшаму здаецца, што можа стаць лепш – што пераходны перыяд, адаптацыя, падладжванне да новых правілаў гульні пасля 2020-га прывядуць да таго, што ў руках беларускіх кінематаграфістаў акажацца больш магчымасцяў. Падладжвацца, праўда, павінны не толькі самі аўтары, але і менеджары культурніцкай сферы, і культурніцкія інстытуты. Пакуль жа нават у адзінага буйнога грантавага праекту Art Power Belarus не знаходзіцца грошай на вытворчасць кіно, мы дакладна застаемся ў часе спарадычных перамог.
Максім Швед між тым напісаў у Фэйсбуку, што ў яго больш няма сілаў на дакументальнае кіно. Раней у марнаванні талентаў можна было вінаваціць дзяржаву, зрэшты як і зараз, – лукашэнкаўская Беларусь ніколі не пераймалася развіццём беларускага кіно. Зараз нашыя таленты марнуюць ліхія часы.
Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.