Кожны падрадчык і партнёр праекту пашпарту «Новай Беларусі» пройдзе праверку

Прадстаўнік па замежных справах Кабінета Валер Кавалеўскі пракаментаваў расследаванне БРЦ аб датычнасці да праекту нацыянальнага пашпарту Беларусі некаторых асоб і кампаній і іх магчымай сувязі з рэжымам.

Як можа выглядаць пашпарт новай Беларусі. Крыніца: Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі / Telegram

Нагадаем, журналістам Беларускага расследавальніцкага цэнтру стала вядома, што літоўская кампанія, якая працуе над праектам пашпарту «Новай Беларусі», мае сувязі з «гаманцом» Аляксандра Лукашэнкі Віктарам Шаўцовым. У сувязі з гэтым расследаваннем прадстаўнік па замежных справах Кабінету Валер Кавалеўскі даў афіцыйны каментар.

«1. Мы не збіралі аніякія асабістыя даныя беларусаў, таму ніхто не мог атрымаць доступ да таго, чаго не існуе.

2. Геральдычная рада (ГР) распрацоўвала дызайн пашпарта, за што я ім удзячны. Гэта адзіная тэма супрацоўніцтва з ГР: аніякага доступу ці дачынення да працэсу збору даных беларусаў і выдачы пашпартоў ГР не павінна мець і не будзе.

3. Літоўская кампанія «Гарсу Пасаўліс» (ГП) дапамагала ў распрацоўцы дызайну дакумента, дзеля яго адпаведнасці стандартам ІКАО. У нас не было падстаў не давяраць кампаніі, якая вырабляе пашпарты для Літвы, і я ўдзячны ГП за канструктыўнае супрацоўніцтва.

4. Акрамя таго, ГП дапамаглі нам з замовай спецыяльных матэрыялаў для друку пашпартоў, у тым ліку ўзораў, якія будуць перадавацца замежным урадам з запытам аб прызнанні пашпарта.

Але – і гэта важна падкрэсліць – канчатковае рашэнне аб супрацоўніцтве на ўсіх наступных этапах, пачынаючы з друку ўзораў, будзе прымаць ужо Пашпартны Цэнтр, з абавязковай праверкай усіх падрадчыкаў і партнёраў.

Пры прыёме і працы з персанальнымі данымі Пашпартны Цэнтр будзе кіравацца Агульным рэгламентам аховы даных ЕС (GDPR). Акрамя таго, ужо зараз распрацоўваюцца дадатковыя ўласныя спецпратаколы бяспекі для ўсіх этапаў персаналізацыі і выдачы новых нацыянальных пашпартоў Беларусі.

Па ўсіх рашэннях, датычных рэалізацыі праекту і далучэння знешніх партнёраў, мы будзем інфармаваць беларусаў праз афіцыйныя каналы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Пашпартнага Цэнтру».

Ася Саковіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны