Лукашэнка прыпыніў дзеянне Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 29 траўня быў апублікаваны Закон аб прыпыненні дзеяння Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе. Дакумент падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 24 траўня.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: modmilby / Telegram

Пасля прыпынення дзеяння ДЗУСЕ Беларусь перастане даваць інфармацыю пра сваё ўзбраенне, тэхніку, не будзе прымаць інспекцыяў.

У кастрычніку 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб прыпыненні выканання ДЗУСЕ ў дачыненні Польшчы і Чэхіі, але адзначалася, што Беларусь працягне выконваць дамову ў дачыненні іншых дзяржаваў-удзельніц. Цяпер дзеянне дамовы прыпыненае цалкам.

У траўні 2023 года Пуцін распарадзіўся дэнансаваць ДЗУСЕ, а 7 лістапада працэдура выхаду Расеі з дамовы была афіцыйна завершаная. Толькі пасля гэтага, 8 лістапада 2023 года, Рада NATO заявіла, што з улікам апошніх дзеянняў РФ дзяржавы – удзельніцы ДЗУСЕ маюць намер прыпыніць дзеянне дамовы «на такі час, на які будзе неабходна».

ЗША ўвялі мараторый на дзеянне дамовы ў снежні 2023 года, Польшча – у сакавіку 2024 года, Турцыя выйшла з дамовы ў красавікуПрыпыніла ўдзел у ДЗУСЕ і Малдова.

Беларусь прыпыніць дзеянне Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе

Дамова аб звычайных узброеных сілах у Еўропе лічыцца адным з ключавых пагадненняў наконт міжнароднай бяспекі пасля заканчэння халоднай вайны. Дакумент быў падпісаны ў Парыжы ў 1990 годзе шаснаццаццю дзяржавамі – удзельніцамі NATO і шасцю дзяржавамі – удзельніцамі Арганізацыі Варшаўскай дамовы (АВД) на чале з СССР.

ДЗУСЕ абмяжоўвала колькасць асноўных відаў зброі і вайсковай тэхнікі ў краінах Еўропы. Сумарны аб’ём узбраення для кожнага з вайскова-палітычных блокаў не мог перавышаць 20 тысяч танкаў, 30 тысяч БМП, 20 тысяч адзінак артылерыі, 6800 самалётаў і 2000 ударных верталётаў.

Галоўная мэта дакументу – спыніць гонку ўзбраення, падвысіць празрыстасць вайсковай сферы і ў выніку зрабіць вайну ў Еўропе немагчымаю. Пагадненне не толькі зацвердзіла канкрэтныя квоты для ўзбраення, але і прадугледжвала працэдуры ўзаемнага кантролю і абмену інфармацыяй. Краіны-ўдзельніцы былі абавязаныя перадаваць адна адной звесткі пра структуру ўзброеных сілаў, колькасць зброі і месцы яе размяшчэння, у тым ліку на складскім захоўванні. Каб спраўдзіць гэтыя звесткі, дзяржавы маглі ладзіць інспекцыі на вайсковыя аб’екты іншых удзельнікаў дамовы.

Фармальнасць ці крок да вайны? Што азначае прыпыненне ўдзелу Беларусі ў ДЗУСЕ

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны