Будучыня Беларусі сёння і ў руках Кітаю

Руслан
Шошын
Журналіст польскай газеты "Rzeczpospolita"

Візіт прэзідэнта Польшчы ў Пекін і палітычны кансэнсус у гэтым пытанні ў Варшаве сведчаць, што ў дачыненнях з рэжымам Лукашэнкі нельга спадзявацца толькі на эфектыўнасць дзеянняў Захаду. Трэба шукаць трэцюю сілу.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і старшыня КНР Сі Цзінь Пін. Пекін, Кітай, 24 чэрвеня 2024 г. Фота: Pedro Pardo / Reuters / Forum

Прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуду вельмі цёпла сустрэлі ў Кітаі. Было шмат узаемных дэкларацыяў, падпісалі шэраг дакументаў (пра экспарт польскай кураціны, тэхналогіі, навуку). Варшава абрала вельмі актыўную стратэгію. У Пекіне Дуда дэклараваў поўнае падтрыманне ініцыятываў Кітаю, скіраваных на рост эканамічнай супрацы паміж краінамі. Цалкам магчыма, што ў прыватнай размове з Сі Цзінь Пінам Дуда мог сказаць наступнае: «Польшча моцна падтрымлівае ініцыятыву «Адзін пояс, адзін шлях». Але паглядзіце, што робіць рэжым Лукашэнкі. Перашкаджае яе рэалізоўваць. Больш за тое, правакуе вялікі канфлікт, які можа давесці да поўнага закрыцця мяжы. Прыклад? Вось нядаўна забілі польскага жаўнера».

Пасля гэтага Кітай зрабіў адпаведную заяву: заклікаў, каб «бакі ставіліся да сябе з павагай і вырашалі праблемы шляхам кансультацыяў, каб пазбегнуць эскалацыі напружанасці». На мове дыпламатаў гэта значыць, што Лукашэнка павінен спыніць дэстабілізацыю сітуацыі на мяжы. А Польшча, як намякае Кітай, павінна ў гэтым пытанні весці з рэжымам кансультацыі. Магчыма, нейкія сігналы Кітай пасля візіту Дуды ўжо паспеў перадаць неафіцыйна Лукашэнку. Не вядома, ці ўздымаў польскі бок у Пекіне пытанне вызвалення палітвязняў (прынамсі Анджэя Пачобута). Тут усё нашмат складаней, бо правы чалавека для Кітаю другасная тэма, эканоміку яны разумеюць значна лепш.

Чаму Пекін можа ўмяшацца ў сітуацыю? Па-першае, у Кітаі пільна сачылі за тым, якая будзе рэакцыя ўраду ў Варшаве на візіт Дуды. Бо рэальная ўлада ў руках ураду, кіроўнай кааліцыі на чале з Дональдам Тускам. Не сакрэт, што паміж прэзідэнтам і ўрадам Польшчы стасункі сёння не найлепшыя. Таму многія крытыкі Дуды паспелі яму закінуць, што ён сябруе з кітайскім дыктатарам, які падтрымлівае Пуціна ў вайне з Украінай. І моцна здзівіліся, бо кіраўнік польскага ўраду неспадзявана сцвердзіў, што «вельмі задаволены дзеяннямі прэзідэнта Дуды». Больш за тое, пацвердзіў, што дзеянні гэтыя былі каардынаваныя з урадам.

«Пацярпяць нармальныя мірныя беларусы». Польшча не можа не закрыць мяжы?

Для Кітаю такія сігналы вельмі важныя. Асабліва ў кантэксце супрацьстаяння з ЗША, якія зацікаўленыя ў тым, каб Еўропа памяншала сваю эканамічную залежнасць ад Кітаю. І ў Еўропе стаўленне да гэтага пытання ў кожнай краіне рознае. Суседняя Літва мае амаль варожыя дачыненні з Кітаем, а польскі прэзідэнт едзе туды падпісваць чарговыя дамовы. Акрамя таго, сёння ідзе барацьба паміж ЕЗ і Кітаем вакол кітайскіх электрамабіляў, якія ствараюць канкурэнцыю ЗША. Брусель увёў нават часовае мыта на кітайскія батарэі для электрамабіляў. Польшча канчаткова яшчэ не вызначылася, ці будзе ўдзельнічаць у гэтай гандлёвай вайне. Хутчэй за ўсё, не. І гэта яшчэ адзін аргумент на карысць таго, што Кітаю выгадна ўмяшацца і змусіць прынамсі Лукашэнку (а магчыма, і Пуціна) прыпыніць гібрыдную вайну на мяжы з Еўразвязам.

Але ёсць і іншыя аргументы. Паводле апошніх афіцыйных звестак (GUS), у студзені – красавіку гэтага года Польшча імпартавала з Кітаю тавары, вартасць якіх перавышала 16 мільярдаў долараў. Больш тавараў у Польшчу прыехала толькі з Нямеччыны (на 24 мільярды долараў). Губляць такога партнёра Кітаю не выгадна. Для параўнання – тавараабарачэнне паміж Кітаем і Беларуссю Лукашэнкі за ўвесь 2023 год склала 8,4 мільярды долараў.

Акрамя таго, глабальна Кітаю не выгадна і тое, каб Расея сваімі дзеяннямі цалкам перакрыла (і прывязала да сябе) сухапутны гандлёвы шлях паміж Кітаем і ЕЗ. Адну з нітак ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях» амаль паралізавала вайна Пуціна супраць Украіны. Другая нітка ідзе праз Беларусь. І Кітай зацікаўлены ў тым, каб гэты шлях працаваў бесперабойна.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў