Грамадзянін Ізраілю заплаціць за злоў сілавікоў, якія катавалі яго ў Беларусі ў 2020 годзе

Грамадзянін Ізраілю, нарадзінец Беларусі Аляксандр Фруман абвясціў узнагароду памерам у 25 тысяч долараў за арышт беларускіх сілавікоў, якія катавалі яго ў жніўні 2020 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

«Пару гадоў таму да нас звярнуўся Аляксандр Фруман з просьбай дапамагчы вызначыць асобы карнікаў, якія 10 жніўня 2020 года здзекаваліся з яго ў Савецкім РУУС гораду Менску і Жодзінскай турме. З дапамогай Кіберпартызанаў ягонае расследаванне завяршылася паспяхова. Цяпер Аляксандр Фруман абвяшчае ўзнагароду за арышт катаў», – пішуць «Кіберпартызаны».

У «спісе Фрумана» дзевяць чалавек. Сярод іх супрацоўнікі Савецкага РУУС Цімур Кесель, Сяргей Калінік, Марына Сафонава, Святлана Нікіціна, амапаўцы Павел Шабуня, Андрэй Слюнькоў, Дзяніс Гушча, Раман Торык і начальнік Ленінскага СК Менску Дзмітрый Герасіменя.

Ізраільцянін пра беларускіх сілавікоў: Цешуся, што яны марнуюць час на мяне, а не даймаюць сумленных беларусаў

Грамадзянін Ізраілю Аляксандр Фруман у 2020 годзе прайшоў праз жорсткае затрыманне і беларускую турму. Пасля таго, як апынуўся ў бяспецы, ён знайшоў усіх, хто яго затрымліваў і катаваў, а таксама сведкаў тых падзеяў. Аляксандр расказаў «Белсату», што ён хоча быць першым сярод тых, чыю справу супраць беларускіх злачынцаў будзе разглядаць трыбунал.

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны