Місія МАГАТЭ адправілася на Запарожскую АЭС

Каманда экспертаў Міжнароднага агенцтва атамнай энергетыкі (МАГАТЭ) ужо гатовая наведаць Запарожскую атамную электрастанцыю ва Украіне, паведаміў генеральны дырэктар арганізацыі Рафаэль Гросі.

«Гэты дзень настаў. Місія МАГАТЭ дзеля падтрымання і дапамогі Запарожскай АЭС ужо ў дарозе. Мы мусім абараніць бяспеку найбуйнейшага ядравага аб’екту Украіны і Еўропы. Я ганаруся тым, што ўзначальваю гэтую місію, якая адбудзецца на гэтым тыдні», – напісаў у Twitter Рафаэль Гросі.

25 жніўня Запарожскую АЭС упершыню цалкам адключылі ад энергасетак. Пазней у МАГАТЭ заявілі, што сувязь Запарожскай АЭС з энергасістэмай Украіны аднавілася, але ўсе шэсць блокаў АЭС застаюцца адключанымі.

Раней Дзяржаўная інспекцыя ядравага рэгулявання Украіны папярэджвала, што спыненне энергаблокаў і страта ўсіх крыніцаў электраэнергіі можа прывесці да псавання сістэмаў ахаладжэння, пашкоджання актыўнай зоны рэактарнай устаноўкі і выкіду радыеактыўных рэчываў у навакольнае асяроддзе. Акурат паводле такога сцэнару адбылася аварыя на японскай АЭС «Фукусіма-1» у 2011 годзе.

У нядзелю акупаваны расейскімі войскамі Энергадар, дзе месціцца АЭС, трапіў пад чарговыя абстрэлы, у якіх бакі абвінавачваюць адно аднаго.

Расея заблакавала на канферэнцыі ААН прыняцце выніковага дакументу аб ядравым раззбраенні

Зміцер Міраш belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны