Улады паабяцалі сярэдні заробак у 2 тысячы рублёў, шпаркі рост эканомікі і рэкордны дэфіцыт бюджэту

Аптымістычныя заявы прагучалі 29 жніўня падчас пасяджэння Савету міністраў. Прэм’ер Раман Галоўчанка паабяцаў, што налета рэальныя прыбыткі беларусаў павялічацца на 3,5%, а ВУП вырасце на 3,8%, а гэта «вышэй за тэмпы развіцця сусветнай эканомікі», піша Telegram-канал ураду.

Пасяджэнне Савету міністраў. Менск, Беларусь. 29 жніўня 2023 года. Фота Максіма Гучака / belta.by

На сённяшнім пасяджэнні Савету міністраў абмяркоўвалі праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, мэтавыя паказнікі грашова-крэдытнай палітыкі і рэспубліканскага бюджэту на 2024 год.

Кіраўнік ураду Раман Галоўчанка заявіў, што налета захаваюцца «мэтавыя задачы мабілізацыйнага падыходу развіцця эканомікі»:

«Тэмп росту ВУП мусіць скласці 103,8%. Гэта вышэй за тэмпы развіцця сусветнай эканомікі. Рэальныя прыбыткі насельніцтва павялічацца на 3,5% пры росце рэальных заробкаў амаль на 4%. Сярэдні заробак павінен скласці 2087 рублёў».

Прэм’ер паабяцаў, што выдаткі на адукацыю вырастуць на 1,5 млрд рублёў, на ахову здароўя – на 1,2 млрд. «На 12,6% будуць павялічаныя выдаткі на аплату працы ў бюджэтнай сферы. На выплату сацыяльнай дапамогі – на 14%, пенсіяў – на 16%», – паведаміў чыноўнік, не удакладніўшы, наколькі вырастуць выдаткі на сілавікоў.

«Пагроза ценявой эканомікі». Ад пачатку года гатоўкі ў Беларусі паболела на 28 %

Галоўчанка таксама выказаў упэўненасць, што налета беларускі экспарт павялічыцца да рэкордных паказнікаў, на 7,6%, або на $3,8 млрд болей, чымся сёлета:

«Страты рынкаў несяброўскіх краінах цалкам кампенсаваныя летась і сёлета, таму лічба налета – гэта чысты прырост. Аб’ём экспартнага прыбытку мусіць скласці болей за $53 млрд, што з’яўляецца максімальным паказнікам за ўвесь час».

«Страты супермаштабныя». Эканаміст ацаніў, колькі Беларусь губляе грошай ад рэпрэсіяў

Тым часам міністр фінансаў Юрый Селівёрстаў паведаміў журналістам, што бюджэт краіны налета пяты год запар плануецца дэфіцытным:

«Ацэнка дэфіцыту бюджэту на рэспубліканскім узроўні плануецца блізу 1,9% ВУП, крыху меней за 5 млрд рублёў. Крыніцы – рэшта, плюс тыя запазычванні, што мы робім і працуем з нашымі калегамі з Расейскай Федэрацыі ў інтэграцыйных праектах, залучаем гэтыя рэсурсы».

Агулам чыноўнік «не бачыць рызыкаў, якія б не дазволілі развязваць задачы, што стаяць».

У сёлетнім бюджэце прадугледжваўся дэфіцыт у 3,17 млрд рублёў, аднак міністр фінансаў пахваліўся прафіцытам.

«Прыбыткі рэспубліканскага бюджэту перавышаюць выдаткі на 2 млрд рублёў, так што пакуль мы ў плюсе», – сказаў Селівёрстаў.

У 2020 годзе ў бюджэт закладаўся дэфіцыт у 1 млрд рублёў, у 2021-м – 4 млрд, у 2022-м – 2,9 млрд рублёў.

Звышзадача – разагнаць ВУП, астатняе другасна: да чаго гэта можа прывесці

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны