Пагрозы ўжывання ядравай зброі становяцца ўсё больш звыклымі. Інструкцыяў на выпадак аварыі на АЭС ці прылёту ракеты з ядравай зброяй безліч. А што рабіць, пакуль не выбухнула і не прыляцела?
Уладзімір Пуцін 21 верасня казаў, што «гэта не блеф», калі пагражаў ядравай зброяй за «пагрозу тэрытарыяльнай цэласнасці». Злучаныя Штаты пакуль не бачаць нейкіх рухаў з боку Расеі, якія можна было б разглядаць як падставы для перагляду ўзроўню гатовасці амерыканскіх сілаў стрымлівання. Але ЗША «наўпрост, прыватна» абяцалі Крамлю «катастрафічныя наступствы» ядравага ўдару па Украіне. А яшчэ на БелАЭС нешта пастаянна ламаецца.
На выпадак радыяцыйнай аварыі або ядравай вайны напісаныя сотні самых розных інструкцыяў. Напрыклад, вось вялікая ад Чырвонага Крыжа, вось карацейшыя ад беларускіх эколагаў, ад беларускіх анархістаў, ад расейскіх журналістаў, ад украінскіх журналістаў, ад Агенцтва аховы навакольнага асяроддзя ЗША…
Калі сцісла, вось галоўнае: трэба схавацца ў памяшканні (як мага больш глыбока з самымі тоўстымі сценамі); зачыніць усе дзверы, вокны і вентыляцыю; заставацца ў памяшканні і чакаць паведамленняў у дасяжных сродках масавай інфармацыі.
Знайсці інструкцыі ад беларускіх дзяржаўных установаў і службаў цяжэй: звычайна яны абмяжоўваюцца такімі кароткімі тэкстамі. Інфармацыя пра сховішчы ў Беларусі закрытая. У менскім гарадскім упраўленні МНС на пытанне пра найбліжэйшае сховішча або мапу сховішчаў перапытваюць: «З якой мэтай цікавіцеся?» Адсылаюць да раённага ўпраўлення, а ў раённым упраўленні даюць нумар тэлефону, на які ніхто не адказвае.
Па больш падрабязныя парады «Белсат» звярнуўся да беларускага хіміка і папулярызатара навукі Сяргея Бесараба, аўтара папулярнага Telegram-каналу LAB-66, у якім нямала публікацыяў прысвечана радыяцыі. Ён разглядае найбольш імаверны сцэнар: ужываюць тактычную (не самую магутную, на некалькі кілатонаў у тратылавым эквіваленце) ядравую зброю, а мы не ў эпіцэнтры.
Гэта цяжка прагназаваць. Хімік тлумачыць: у радыеактыўнага ізатопу ёду перыяд паўраспаду – трохі больш за 8 дзён. Пра тое, што радыеактыўны ёд «увесь распаўся», радыехімік зможа сказаць прыкладна праз 20 перыядаў паўраспаду – а гэта паўгода. Для стронцыю і цэзію адзін перыяд паўраспаду – каля 30 гадоў. То бок, нельга сказаць, што «пройдзе N дзён, і стане бяспечна, радыенукліды знікнуць», а назапасіць ваду і харчы на некалькі гадоў немагчыма. Нейкі запас варта мець, але канцэнтравацца трэба на іншым.
Каб арганізм не засвойваў радыеактыўны ёд у шчытавіцы, трэба ў першыя пару гадзінаў пасля здарэння прыняць «стабільны» (не радыеактыўны) ёд. У выпадку аварыі ці ядравага ўдару найлепей прымаць менавіта ёдыд калію. Але належныя таблеткі на 250 мг беларускіх аптэках не прадаюцца, ёсць толькі таблеткі ў долі мг («Ёдамарын» не дапаможа, бо для радыеабароны залозы трэба аднаразова прыняць тысячу таблетак). Некаторыя беларусы ўжо замаўлялі ёдыд калію з-за мяжы. Калі таблеткі ёдыду калію не раздадуць ратавальнікі, то можна наносіць 5 % спіртавы раствор ёду (ёдавай настойкі) на скуру, рабіць «ёдавую сетку».
Як доўга прымаць ёд – тое яшчэ пытанне. Сяргей Бесараб заўважае, што рэкамендацыі пра 10 дзён прыводзяцца без спасылкі на даследаванні, у розных краінах адрозніваюцца і дозы, і тэрміны прыёму ёдыдаў. Часам некаторыя даюць зусім дзіўную рэкамендацыю не прымаць ёд людзям, старэйшым за 40 гадоў, без тлумачэнняў.
Прымаць ёд (у тым ліку ёдыд калію) без прычыны шкодна. Сяргей Бесараб кажа, «есці ёдыд пасля кожнай навіны пра АЭС – гэта жахлівае глупства».
Прымаць ёдавую настойку ўнутр вельмі непажадана. Ёд, які там утрымліваецца, эфектам не надта адрозніваецца ад хлору, які ўтрымліваецца, напрыклад, у сродку для адбельвання бялізны. Могуць быць апёкі слізістых абалонак, асабліва ў дзяцей. Нават калі змяшаць ёдавую настойку з малаком, як раяць некаторыя медыкі, на акісляльны эфект галагену для слізістых абалонак гэта не асабліва паўплывае. Элементарны ёд спачатку звяжацца з тканкамі і пашкодзіць іх, толькі пасля ў выглядзе прамежкавых злучэнняў усмоктваецца ў кроў і пачне абараняць ад радыяцыі. Ёдыд калію ж адразу трапляе ў тканкі і адкладаецца ў залозе.
Сяргей Бесараб тлумачыць: па-за эпіцэнтрам найбольшая небяспека будзе ад аэразоляў, то значыць, пылу і мікраскапічных кропляў вадкасці, праз якія ў арганізм трапляюць і вірыёны, і радыеактыўныя ізатопы. Таму падрыхтоўка вентыляцыі, адзення, сродкаў асабістай абароны будуць вельмі падобныя ў выпадках як каронавіруса, так і радыяцыі.
У выпадку ядравай вайны інтэрнэт можа стаць недасяжным, але могуць захавацца тэлевізія і радыё – можна купіць радыёпрымач на батарэйках. Трэба падумаць, якія бліжэйшыя аб’екты могуць стаць цэллю ўдару, запомніць, з якога яны боку. Трэба будзе сачыць за кірункам ветру (у навінах, праз інтэрнэт-мапы ці праграмы на тэлефоне), а калі давядзецца выходзіць на вуліцу, то трэба сачыць і за прагнозам дажджоў.
Гэта нядорага, і робіцца часта. У вентыляцыі можа з’яўляцца зваротная цяга – напрыклад, выцяжка на кухні можа не ачышчаць паветра, а зацягваць пахі ад суседзяў. Зваротны клапан можа спыніць магчымасць трапляння радыеактыўнага пылу праз вентыляцыю.
Сучасныя шклопакеты даволі герметычныя, але зусім без паветра жыць немагчыма – нават пры ядравай катастрофе давядзецца неяк запускаць у памяшканне паветра, аднак не прапускаць радыеактыўны пыл. Адтуліны трэба закрываць нейкім мікравалакністым матэрыялам на адзін-два пласты, як мельтблаўн, які выкарыстоўваецца ў якасці сярэдняга ўзроўню ў звычайных трохпластовых хірургічных масках. У найгоршым выпадку – хаця б спанбондам найменшай шчыльнасці. Найлепшы варыянт – адмысловы брызер (прыточны ачышчальнік паветра) з HEPA-фільтрам, але гэта пытанне тысячы-другой рублёў. Фільтры што на фортках, што на брызеры трэба будзе мяняць і не выкідваць ці паліць (гэта верне затрыманыя радыенукліды ў паветра).
У ідэальным выпадку – мець вопратку, падобную да агульнавайсковага абарончага камплекту, або прынамсі нейкі дажджавік і рэспіратар тыпу FFP3. Касцюм мусіць быць максімальна «маналітны» (без лішніх гузікаў і адтулінаў), каб яго можна было добра памыць. Прадумаць «чырвоную зону» для захавання забруджанай вопраткі або для мыцця (напрыклад, душавую кабіну). Шырока распаўсюджаныя савецкія супрацьгазы (дакладней, фільтры да іх) – не ўсе яны могуць затрымліваць аэразолі. Калі ёсць такі супрацьгаз, варта ўвесці ў пошук лічбы на фільтравальным картрыджы і паглядзець, ці пазначаная там магчымасць затрымання аэразоляў.
Скарыстаныя фільтры або адзенне, забруджанае радыяцыяй, нельга проста кінуць у сметніцу – будзе «фаніць». Іх трэба збіраць як мінімум у самы тоўсты герметычны пакет, а лепш у якую-небудзь герметычную скрыню, і не трымаць побач з сабою. Сяргей Бесараб згадвае такую гісторыю: пасля аварыі на ЧАЭС у 1986 годзе кіеўскія навукоўцы сабралі пыл на корак ад віна, залілі ў парафін – дык яно дагэтуль дае такое выпраменьванне, што можа выкарыстоўвацца як кантрольная крыніца для дазіметраў.
Савецкае «наменклатурнае» бамбасховішча з адмысловай сістэмай фільтрацыі паветра, вядома, абароніць лепш за звычайны пакой. Ды стан сховішчаў у Беларусі невядомы, лакацыі сакрэтныя. Сяргей Бесараб працаваў у Акадэміі навук і згадвае тамтэйшыя бамбасховішчы: фільтрацыйных бакаў (ФП-300) не бачыў, аб нейкай герметычнасці дзвярэй таксама гаворкі не было. Пры пастаянным бамбаванні сховішча абароніць лепш за кватэру, але пры аварыі ці адзінкавым удары тактычнай ядравай зброяй удома (а калі магчыма – лепш у падвале) можна падрыхтаваць лепшае сховішча.
Алесь Наваборскі belsat.eu