Чырвонай лініяй для Грузіі стане прызнанне Абхазіі з боку Лукашэнкі

Афіцыйны Тбілісі даволі негатыўна адрэагаваў на візіт Аляксандра Лукашэнкі ў непрызнаную Абхазію. МЗС краіны, а таксама прэм’ер-міністр выказалі сваю заклапочанасць гэтым крокам. Тым не менш, як распавёў «Белсату» палітолаг Торнік Шарашанідзэ, далей нейкай негатыўнай рэакцыі з боку Грузіі пакуль не будзе.

Акцыя пратэсту супраць візіту Лукашэнкі ў Абхазію. Тбілісі, 28 верасня. Фота: NGnewsgeorgia / Telegram

Пасля перамоваў у Сочы з Уладзімірам Пуціным Лукашэнка раптоўна апынуўся ў непрызнанай Абхазіі, дзе сустрэўся з кіраўніком акупаванага расейцамі рэгіёну. З 2008 году афіцыйны Менск не прызнае Абхазію. А тут раптам адбылася сустрэча з кіраўніцтвам. У Грузіі гэты візіт асудзілі. Але пакуль эскалацыі канфлікту з Менскам не будзе.

«Візіт Лукашэнкі ў акупаваную Абхазію стаў даволі непрыемным момантам для Грузіі. Я думаю, што далей грузінскія ўлады будуць назіраць і чакаць, паколькі чырвонай лініяй для нас з’яўляецца менавіта прызнанне Абхазіі. І калі Лукашэнка не перакрочыць гэтую лінію, то далейшага абвастрэння з боку афіцыйнага Тбілісі чакаць не варта. Мы тут добра разумеем, што Лукашэнка знаходзіцца цяпер у даволі складанай сітуацыі і яму прыходзіцца манеўраваць, каб зрабіць прыемнае Пуціну. Гэтым і абумоўлены візіт Лукашэнкі ў Абхазію. Я ўважліва таксама слухаў прамову яго і ён намагаўся не перакрочваць чырвоныя лініі, паколькі даволі пазітыўна казаў пра грузінскія ўлады, пра Грузію. І гэта, магчыма, сігнал у бок Грузіі, што нібыта яго вымушаюць зрабіць такі візіт. У адказ, вядома, МЗС выклікаў амбасадара Беларусі, прэм’ер-міністр выступіў з адпаведнай заявай. Але далей, пакуль што, нашыя ўлады не пойдуць», – распавёў «Белсату» палітолаг Торнік Шарашанідзэ.

МЗС Грузіі асудзіла візіт Лукашэнкі ў непрызнаную Абхазію

У Грузіі, звяртае ўвагу эксперт, нават у 2020 годзе ўлады не крытыкавалі адкрыта Лукашэнку за жорсткі разгон мітынгоўцаў. Тбілісі памятае 2008 год, калі афіцыйны Менск не прызнаў акупаваныя Расеяй Абхазію і Асецію. Так будзе і гэты разам.

Грузінскі палітолаг таксама звяртае ўвагу, што Лукашэнка прыбыў не ў Сухумі, а ў Піцунду, таксама ў Менску кажуць, што гэта не афіцыйны візіт, але прыватная паездка Лукашэнкі.

«Сведчыць пра палітычнае банкруцтва». Кабінет Ціханоўскай – пра візіт Лукашэнкі ў Абхазію

Алена Аляксандрава belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны