Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 29 верасня

«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 29 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

Удзел прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў мерапрыемствах з нагоды 81-й гадавіны трагедыі Бабінага Яра. 29 верасня 2022 года. Фота: president.gov.ua

Расейскія войскі ва Украіне свае асноўныя намаганні засяродзілі на спробах узяць пад поўны кантроль тэрыторыю Данецкай вобласці. За мінулыя содні яны атакавалі пазіцыі ЗСУ ў ваколіцах населеных пунктаў Зайцава, Маёрск, Залізнае, Бахмуцкае, Адрадаўка, Мікалаеўка Другая, Азаранаўка, Первамайскае, Пабеда, Новаміхайлаўка, Паўлаўка і Безыменнае.

Генеральны штаб ЗСУ піша, што ўсе атакі праціўніка на гэтых кірунках былі адбітыя. На іншых участках фронту расейцы ў асноўным трымалі абарону, намагаючыся не дапусціць прарыву ўкраінскіх сілаў углыб сваіх пазіцыяў.

Пры гэтым войскі РФ працягнулі абстрэльваць тэрыторыю Украіны з розных відаў узбраення. У прыватнасці, за апошнія содні яны нанеслі 3 ракетныя і 8 авіяцыйных удараў, а таксама здзейснілі больш за 82 абстрэлаў з рэактыўных сістэмаў залпавага агню па ваенных і цывільных аб’ектах на тэрыторыі Украіны, у выніку чаго пацярпелі 28 населеных пунктаў.

У сваю чаргу Збройныя сілы Украіны развівалі свой контрнаступ на ўсходзе Харкаўскай і поўначы Данецкай вобласці. Так, увечары 28 верасня ўкраінскі бок пацвердзіў вызваленне найвялікшага пасёлку гарадскога тыпу ва Украіне Кіўшараўкі ў Харкаўскай вобласці.

Поспехі ЗСУ ў суседняй Данецкай вобласці адзначаюць аналітыкі амерыканскага Інстытуту даследавання вайны (ISW), паводле якіх украінскія сілы прасунуліся на паўднёвы ўсход ад сяла Калодзезі і вядуць баі ў ваколіцах Торскага, што ўсяго за 12 км ад Ліману. Забеспячэнне расейскай групоўкі ў Лімане вядзецца праз вузкі калідор, які прастрэльваецца ўкраінскімі вайскоўцамі. Таксама ЗСУ прарвалі расейскую абарону на захад ад Ямпалю (13 км ад Ліману), і цяпер намагаюцца цалкам атачыць расейскую групоўку на гэтым участку фронту.

Тым часам у Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях ЗСУ вядуць пазіцыйныя баі, намагаючыся палепшыць свае пазіцыі. Пры гэтым украінскі бок працягнуў наносіць удары па расейскіх тылавых і транспартных аб’ектах, а таксама па кропках засяроджання жывой сілы і тэхнікі расейцаў.

ISW адзначаецца, што для стрымання ЗСУ расейскі бок сцягвае свае рэзервы з анексаванага Крыму.

На іншым участку фронту – у Запарожскай вобласці – сітуацыя застаецца адносна спакойнай. Але пры гэтым ранкам 29 верасня ў акупаваным Мелітопалі выбухам была пашкоджаная машына мясцовай дырэктаркі дэпартаменту адукацыі Алены Шапуравай. Адзначаецца, што самая жанчына не пацярпела. Здарэнне звязваюць з дзейнасцю ўкраінскіх дыверсантаў.

Пры гэтым, паводле Генштабу ЗСУ, агулам за мінулыя содні былі знішчаныя каля 430 расейскіх вайскоўцаў, пасля чаго беззваротныя страты асабовага складу арміі РФ дасягнулі 58 580 чалавек.

Жаўнеры ўкраінскай арміі запакоўваюць цела свайго таварыша, знойдзенае сярод рэшткаў будынку побач з тэлевежай, у нядаўна вызваленым горадзе Ізюм, Харкаўская вобласць, Украіна. 29 верасня 2022 года. Фота: Zohra Bensemra / Reuters / Forum

Тым часам Украіна вярнула яшчэ шасцярых палонных. Абмен адбыўся на мяжы з Беларуссю. Паводле інфармацыі кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Андрэя Ермака, дадому вярнуліся двое афіцэраў, двое салдат і двое цывільных жанчын.

У самой Беларусі плануюць размясціць 20 тысяч мабілізаваных з Расеі. Пра гэта паведаміла намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр, спаслаўшыся на звесткі Галоўнага ўпраўлення выведкі. Паводле Маляр, суадносіны байцоў з досведам і мабілізаваных павінны скласці 1 да 5.

У гэты ж час маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» паведамляе, што 29 верасня ў паветраную прастору Беларусі ўвайшлі тры шматмэтавыя расейскія знішчальнікі Су-30СМ, якія здзейснілі пасадку на лётнішчы «Баранавічы».

Апошні раз пералёты расейскіх вынішчальнікаў паміж РБ і РБ адбываліся напрыканцы сакавіка, калі значная іх частка пакінула Беларусь. На аэрадромах у Баранавічах і Лідзе засталіся толькі некалькі самалётаў для трэнавання новых пілотаў.

Злучаныя Штаты паставяць ва Украіну ў рамках новага пакета ўзбраенняў 18 РСЗА HIMARS. Пра гэта паведаміў высокапастаўлены прадстаўнік Пентагона, піша golosameriki.com.

Агулам ЗША накіруюць Украіне вайсковую дапамагу на суму $ 1,1 млрд. Акрамя 18 сістэмаў HIMARS, Кіеў таксама атрымае ў рамках гэтага пакета 150 шматмэтавых аўтамабіляў падвышанай праходнасці HUMVEES, 150 вайсковых баявых аўтамабіляў, 40 грузавікоў, 80 прычэпаў, 20 шматмэтавых радараў, радары для выяўлення беспілотнікаў.

Але гэтую тэхніку Украіна атрымае не адразу. Справа ў тым, што грошы ($1,1 млрд) пойдуць не на гатовае ўзбраенне на складах, а на заказы вытворцам.

«Нам цяжка іх адпраўляць, але мы проста робім сваю працу». Жыццё Бураціі на фоне мабілізацыі

ВК belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату