Абʼяднаны пераходны кабінет асудзіў камунізм, таталітарныя і імперскія ідэалогіі
2022.10.29 23:47
Абʼяднаны пераходны кабінет Беларусі выступіў з заявай да Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій, у якой асудзіў камунізм, таталітарныя і імперскія ідэалогіі.
Тэкст заявы Абʼяднанага каардынацыйнага кабінету да Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій. Фота з тэлеграм-каналу кабінета. Крыніца: Telegram / CabinetBelarus
«Любы рэжым, які пачынае лезці ў прыватнае жыццё, сям’ю, прафесію, школьны клас альбо навуковую лабараторыю – забівае грамадства», – гаворыцца ў заяве.
Вось галоўныя тэзісы дакумента:
Беларусь не далучылася да агульнаеўрапейскай палітыкі памяці. У Беларусі да гэтага часу вывучэнне тэмы злачынстваў камуністычнага рэжыму з’яўляецца непажаданым і фактычна забароненым.
Рэпрэсіі адбываліся, пачынаючы з 1917 года, колькасць ахвяраў налічвае сотні тысяч нашых грамадзян.
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, меркавана ў Курапатах, расстралялі 132 прадстаўніка беларускай культурнай і палітычнай эліты. Але гэты расстрэл – толькі эпізод у шэрагу іншых злачынстваў камунізму.
Мы асуджаем усе таталітарныя ідэалогіі, ад якіх так пацярпеў і цярпіць зараз беларускі народ.
Любы гвалт над свабодным мысленнем, любое патрабаванне думаць аднолькава, любое памкненне прымусіць усіх быць як адзін — заўсёды ў чалавечай гісторыі вядуць да рэпрэсій.
Толькі безапеляцыйнае асуджэнне таталітарных рэжымаў адчыніць дзверы ў будучыню, дзе Беларусь будзе свабоднай дэмакратычнай краінай.
Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года стала адной з самых трагічных і чорных датаў у беларускай гісторыі ХХ стагоддзя. У гэтую ноч савецкія карнікі расстралялі больш за 100 беларускіх дзеячаў навукі, культуры, мастацтва і літаратуры. У спісе расстраляных толькі ў тую чорную ноч можна знайсці педагогаў, выкладчыкаў, перакладчыкаў і філосафаў. Сёння – 85 гадоў з той крывавай даты.