За сем месяцаў з Беларусі ў Расею вывезлі 65 тысяч тон боепрыпасаў – чыгуначнікі

Тэлеграм-канал «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси» падлічыў, колькі боепрыпасаў вывозяцца з Беларусі ў Расею падчас расейскай вайны ва Украіне.

Чыгуначныя пуці на станцыі Менск-Усходні. Менск, Беларусь. 27 траўня 2022 года. Фота: Белсат

Чыгуначнікі прааналізавалі звесткі накладных на грузы, якія перавозяцца па чыгунцы, і вылучылі з іх грузы з маркаваннем «выбуховыя матэрыялы», што перавозяцца паміж Расеяй і Беларуссю. Паводле іх, пік вывазу паводле аб’ёмаў быў у красавіку, але ў верасні абʼёмы адпраўкі боепрыпасаў у Расею зноў рэзка выраслі.

Агулам з Беларусі ў Расею з сакавіка па верасень зʼехала 1940 вагонаў, у якіх было 65 089 тон боепрыпасаў. Найбольш з іх – у красавіку (22 534 тоны, або 689 вагонаў) і ў верасні (14 479 тон, або 442 вагоны).

Грузілі гэтыя вагоны ў асноўным на станцыях Гомельшчыны і Берасцейшчыны, а таксама ў Менску, Асіповічах, Бабры, Лідзе. Пасля яны скіроўваліся ў асноўным на адрас камандаванняў Заходняй, Усходняй і Паўднёвай ваенных акруг РФ, упраўлення фінзабеспячэння Мінабароны РФ у Самарскай вобласці, а таксама ў вайсковыя часткі 01879 (Амурская вобласць), 07264 (Пскоў), 57 229 (Растоў-на-Доне). У жніўні–верасні боепрыпасы больш актыўна сталі ісці на поўдзень Расеі і ў Крым.

Раней беларускія чыгуначнікі апублікавалі таксама статыстыку колькасці завезеных з лютага ў Беларусь расейскіх боепрыпасаў.

За паўгода расейскія вайскоўцы перакінулі ў Беларусь амаль 1400 вагонаў боепрыпасаў

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны