Ва Украіне ўзялі ў палон беларуса, які ваяваў на баку Расеі

Чарговы беларус, які ваяваў на баку Расеі ў вайне ва Украіне, трапіў у палон. Украінскае выданне «Обозреватель» апублікавала 28 кастрычніка відэа, на якім Максім Запека расказвае, што служыў ва Укзброеных сілах Расеі.

Палонны Максім Запека. Скрыншот: obozrevatel.com

Паводле выдання, Максім Запека ваяваў у складзе 150-й дывізіі, 102-га полку, 3-га батальёну, 9-й роты, і здаўся ў палон байцам украінскай 17-й брыгады ў раёне Бахмуту, што ў Данецкай вобласці Украіны.

«Я – Запека Максім Валянцінавіч, – кажа чалавек на відэа. Пражываю ў Рэспубліцы Беларусь, Гомельская вобласць, горад Светлагорск. Нарадзіўся 17 траўня 1990 года. У ліпені 2023 года мне прапанавалі служыць у ВС РФ. Праходзіў навучанне на тэрыторыі Расеі. Вучылі мяне былыя ПВК „Вагнэр“».

Іншых звестак пра палоннага не даюць.

«Белсату» ўдалося знайсці гэтага чалавека ў сацыяльных сетках: сапраўды, Максім Запека з вельмі падобнай знешнасцю (праўда, на фота 2020 года выглядае нібы на 10–20 гадоў маладзейшым) і датай народзінаў 17 траўня 1990 года пазначыў родным горадам і горадам пражывання Светлагорск, а таксама пазначыў, што вучыўся ў Светлагорскай школе № 3. Пазначыў, што не жанаты і «ў актыўным пошуку», але пра наяўнасць дзяцей напісаў «в положении». Мяркуючы па старонцы ў «Аднакласніках», мужчына не ўхваляў дзейнай расейскай улады і лічыў яе карумпаванай, хацеў «назад у СССР».

Узброеныя сілы Беларусі не бяруць наўпроставага ўдзелу ў вайне ва Украіне, а толькі падтрымліваюць расейскія войскі на тэрыторыі Беларусі. Ды раз-пораз беларусы, якія ваююць ва Узброеных сілах Расеі або ў незаконных узброеных фармаваннях кшталту групы Вагнэра, трапляюць ва ўкраінскі палон. Улады Беларусі не рабілі прынамсі публічных спробаў вызваліць сваіх грамадзянаў што з украінскага палону (а пра гэта палонныя прасілі), што з расейскага палону – а трапляюць у палон і беларусы, якія бароняць Украіну.

Улады Беларусі не захацелі забіраць палонных, якіх Пазняк прапанаваў мяняць на палітвязняў

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны