Прысуд 71-гадоваму акадэміку, экс-футбалісту і іншыя справы. Хроніка пераследу 29 снежня

Улады Беларусі працягваюць помсціць грамадзянам краіны за падзеі пасля выбараў 2020 году. Штодня ў судах агучваюць прысуды і выносяць турэмнае зняволенне. У турмах сілавікі катуюць палітвязняў, а байцы МУС жорстка затрымліваюць грамадзянаў краіны. «Белсат» сабраў вядомыя факты пераследу 29 снежня.

Суддзя суда Савецкага раёна Менску Алена Жуковіч агучыла прысуд 71-гадоваму акадэміку Алегу Давыдзенку і яго жонцы Наталлі Акцябрскай. Навукоўца з жонкай прызналі вінаватымі паводле ч.1 арт. 342 КК («Актыўных дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і арт. 368 КК («Абраза Лукашэнкі») і прысудзілі па 3 гады «хатняй хіміі». Падставай для затрымання і абвінавачвання стала фота, на якім Алег Давыдзенка з жонкай стаяць з плакатам падчас пратэстаў 2020 года.

Алега Давыдзенку да суда трымалі пад вартай, яго звольнілі з Інстытуту генетыкі і цыталогіі Акадэміі навук Беларусі.

Алег Давыдзенка з жонка Наталляй Акцябрскай. Фота: Георгий Ефремов / Facebook

У судзе Бярозаўскага раёну асудзілі на год «хатняй хіміі» і шэсць тысяч рублёў кампенсавання маральнай шкоды жыхару Менску Раману Коржыка. Мужчыну абвінавацілі ў абразе шасці міліцыянтаў. Прысуд агучыла суддзя Наталля Вакульчык.

29 снежня ў судзе Першамайскага раёна сталіцы агучылі прысуд Яўгену Гурынаву. Палітвязня прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і асудзілі да 2,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ – «хатняй хіміі». Палітвязня вызвалілі ў зале суда. Прысуд агучыў суддзя Максім Трусевіч.

Яўгена Гурынава затрымалі 13 верасня 2022 года.

Былому футбалісту зборнай Беларусі Васілю Хамутоўскаму прысудзілі 2 гады «хатняй хіміі». Суддзя суда Ленінскага раёну Менску Таццяна Шоцік прызнала экс-футбаліста вінаватым паводле арт. 342 КК РБ («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Васіль Хамутоўскі. Фота: khamu33/Instagram

Алена Аляксандрава belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны