Аліўе, савецкае шампанскае і мандарыны: накрываем навагодні стол і лічым, колькі ён будзе каштаваць

Зусім хутка Новы год, і мы па традыцыі будзем накрываць святочныя сталы. Хтосьці рыхтуецца да гэтага загадзя, набываючы прадукты паступова, а хтосьці пакідае ўсё на апошні момант. Вырашылі паглядзець, колькі каштуе ў гэтым годзе святочны навагодні стол. Выбралі самыя традыцыйныя стравы і адправіліся ў краму.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: чытачы / Белсат

Найперш складаем меню нашага навагодняга стала для невялікай кампаніі. Возьмем самыя традыцыйныя і даступныя святочныя стравы: запечаная курка, мяса па-французску, пюрэ, аліўе, селядзец «пад шубай», нарэзка (мяса, сыр, гародніна), бутэрброды з ікрой, мандарыны, іншая садавіна, «Савецкае» шампанскае, напоі, салодкае. Складаем спіс прадуктаў і ідзем у краму.

Шмат беларусаў не могуць уявіць навагодні стол без традыцыйнага салату аліўе. Возьмем класічны рэцэпт: паў кіло бульбы, адну моркву, 4 яйкі, 400 г варанай каўбасы, зялёны гарошак, салёныя агуркі, маянэз.

Глядзім кошты. Адзін кілаграм бульбы каштуе 0,69 рублёў (адпаведна на салат нам спатрэбіцца палова сумы – 0,35 рублёў). Кілаграм морквы – 1,79 рублёў. Нам патрэбна прыкладна 120 грам, што па кошце – 22 капейкі. Дзясятак яек каштуе 3,79 рублёў, чатыры яйкі – прыкладна 1,5 рубля. Кілаграм доктарскай каўбасы абыйдзецца ў 9,99, але нам патрэбна менш за палову – амаль 4 рублі. Слоік зялёнага гарошку ў сярэднім каштуе 3 рублі. Салёныя агуркі нам абышліся ў 5,77 рублі за слоік (возьмем адсюль палову), а маянэз (160 г) – у 1,82 рублі.

Такім чынам, традыцыйны тазік аліўе будзе каштаваць 13,8 рублёў.

Лічым далей. Яшчэ адна традыцыйная страва на навагоднім стале – селядзец «пад шубай». Праводзім аналагічныя разлікі па класічным рэцэпце.

Паўкіло буракоў набудзем за 53 капейкі, возьмем столькі ж морквы за 90 капеек, 200 г рэпчатай цыбулі за 43 капейкі, за зялёную цыбулю заплацім 1,12 рублёў, на бульбу выдаткуем 35 капеек. Філе селядца (250 г) каштуе ад 3,49 рублёў. Возьмем дзве ўпакоўкі. І пачак маянэзу (200 г) за 1,15 рублёў. Два яйкі абыдуцца нам у 75 капеек.

Такім чынам, селядзец «пад шубай» абыдзецца нам у 12,21 рублі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com

Салаты нарэзалі. Пяройдзем да гарачага. Возьмем самы традыцыйны варыянт: запечаную курыцу, мяса па-французску, на гарнір – пюрэ.

Кілаграм бульбы як памятаем каштуе 0,69 рублёў, крыху зеляніны – 1,22 рублі. За 1,5 кг курыцы аддамо каля 10 рублёў. На мяса па-французску: 800 грам свініны – 13,6 рублёў, памідоры 9,95 рублёў, рэпчатая цыбуля 0,50 рублёў, 300 грам сыру каля 7 рублёў, маянэз 1,82 рублі.

Агулам на гарачае мы выдаткуем каля 45 рублёў. Можна зэканоміць і замест мяса па-французску зрабіць простыя адбіўныя. Тады кошт знізіцца да 25,51 рубля.

Дадамо нарэзку. Мясную нарэзку будзем фармаваць у дыяпазоне 30 рублёў (сыравэнджаная каўбаса, розныя віды мясных вырабаў – усяго патроху, грам па 200). Дадамо некалькі відаў сыру на 15 рублёў.

Не абыдземся і без гародніны. Кошты на памідоры, канешне, уражваюць. Кілаграм каштуе як тушка куркі. Кілаграм агуркоў – 7,43 рублі.

Агулам на нарэзку выдаткуем каля 62 рублёў.

Паставім на наш навагодні стол традыцыйныя бутэрброды з ікрой. Ласосевая ікра абыдзецца нам у 10.99 рублёў, батон – 1,06 рублёў, масла – 3,49 рублёў. Такім чынам, бутэрброды будуць нам каштаваць 15,54 рублі.

Яшчэ адзін сімвал навагодняга стала – мандарыны. З імі цікавая гісторыя. Аказалася дастаткова праблематычна знайсці ў беларускіх крамах прыгожыя мандарыны. У адной краме клеменціны з Марока выглядалі страшнавата. У другой краме знайшлі мандарыны з Турцыі, там 50 на 50, але можна выбраць штосьці добрае. Знайшлі таксама мандарыны з Гішпаніі. Здалёк выглядаюць добра, але як апынулася, практычна ўсе – мяккія. Прыпыніліся на турэцкіх. Кошт пытання – 6,99 рублёў за кілаграм.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: чытачы / Белсат

З садавіны дадамо бананы (5.79 рублёў), апельсіны (6,99 рублёў), вінаград (8,99 рублёў).

На салодкае – невялікі торт за 15 рублёў, набор цукерак на такую ж суму.

Не забудзем пра напоі. Першае, што ўзнікае ў галаве пры слове «Новы год» – савецкае шампанскае. Яно абыдзецца ў 8.79 рублёў. Ёсць шампанскае і больш дарагое – напрыклад, «Радзівілаўскае» (18.99 рублёў).

Два літры соку бяром за 5,38 рублёў.

Такім чынам, напоі нам абыдуцца ў 14,17 рублёў (гэта калі ўявіць, што нам хопіць толькі адной бутэлькі шампанскага).

Не забудзем паставіць на стол хлеб. Нам хопіць паловы пакунка – 86 капеек.

А цяпер падлічым нашыя выдаткі.

  • Гарачае – 45 рублёў
  • Аліўе – 13,8 рублёў
  • Селядзец «пад шубай» – 12,21 рублі
  • Нарэзка (мяса, сыр, гародніна) – 62 рублі
  • Бутэрброды з ікрой – 15,54 рублі
  • Мандарыны – 6,99 рублі
  • Садавіна – 21,77 рублі
  • Салодкае – 30 рублёў
  • Напоі – 14,17 рублёў
  • Хлеб – 0,86 рублёў

Агулам традыцыйны і даволі сціплы навагодні стол абышоўся нам у 222 рублі 34 капейкі.

Памер мінімальнай заработнай платы ў Беларусі на снежань 2023 года складае 554 рублі. Такім чынам, толькі на адзін сціплы навагодні стол прыйдзецца аддаць амаль палову мінімальнага заробку.

Саша Гоман, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны