«Ну вось гэта і здарылася… КДБ Беларусі аджала ў мяне дамен TUT.by», – напісала ў Фэйсбук уладальніца дамену Яўгенія Чарняўская, дачка заснавальніка медыя Юрыя Зісера: Аператыўна-аналітычны цэнтр прыняў рашэнне аб ануляванні запісу аб рэгістрацыі шэрагу даменных імёнаў, тым самым пазбавіўшы Яўгенію Чарняўскую права ўладання імі.
TUT.by не адзіны дамен, права ўладання якім страціла Яўгенія Чарняўская. Сярод «аджатых» даменаў – afisha.by, jenny.by, newstut.by, rebenok.by, tutby.by и tyt.by.
«Парушэннем паслужылі дадзеныя, якія раптоўна змяніліся на няправільныя, – майго пашпарта, даты нараджэння – у асабістым кабінеце hoster.by. Пры маёй спробе змяніць іх у асабістым кабінеце на сайце хостэра, дадзеныя зноў ператвараліся ў няправільныя. Цуды нейкія! Я паспрабавала перапісвацца са службай падтрымкі. Але ніякай, уласна, падтрымкі не атрымала», – піша Яўгенія Чарняўская.
Другім парушэннем стала тое, што Чарняўская не паінфармавала рэгістратара «шляхам асабістага наведвання» цягам 7 працоўных дзён.
«Варыянт перадаць пашпарт і адправіць чалавека з даверанасцю для зверкі пашпартных дадзеных беларускім уладам не падышоў», – піша Яўгенія Чарняўская.
У выніку на імя Чарняўскай прыйшоў ліст, у якім паведамляецца аб рашэнні, якое прыняў Аператыўна-аналітычны цэнтр ад 29.12.2023 аб ануляванні запісу аб рэгістрацыі даменных імёнаў afisha.by, jenny.by, newstut.by, rebenok.by, tutby.by и tyt.by.
У каментарах да свайго паста Яўгенія Чарняўская дапускае, што зараз на аджатым дамене можа быць разгорнутае новае медыя, якое будзе займацца прапагандай.
Нагадаем, што 18 траўня 2021 года адбыўся разгром аднаго з найбуйнейшых незалежных медыяў Беларусі – партала TUT.by: у офісы кампаніі ўварваліся сілавікі, зладзіўшы ў іх ператрусы і затрымаўшы 15 чалавек. У жніўні 2021 года прадукцыя TUT.by была прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі, а ў чэрвені 2022-га ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй. Галоўная рэдактарка Марына Золатава і дырэктарка кампаніі Людміла Чэкіна атрымалі 12 гадоў зняволення.
Раман Шавель belsat.eu