Мазырскі НПЗ практычна цалкам спыніць вытворчасць праз рамонт

Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод праз рамонт рыхтуецца спыніць працу практычна ўсіх вытворчых аб’ектаў, паведаміла прэс-служба прадпрыемства.

Фото: https://mnpz.by/

«Завод рыхтуецца да вялікай рамонтнай кампаніі, калі практычна ўсе вытворчыя абʼекты будуць спыненыя. Кіраўніцтва прадпрыемства накіроўвае начальнікаў цэхаў і вытворчасцяў на сталы кантроль за працай падрадных арганізацыяў падчас правядзення капрамонту і асаблівую ўвагу звяртае на якасць выкананых працаў», – гаворыцца ў паведамленні.

Калі менавіта плануецца пачатак рамонту і колькі часу ён зойме – не паведамляецца. Пакуль прадпрыемства працягвае працаваць у нармальным рэжыме.

Сёлета ў студзені на Мазырскім НПЗ двойчы адбыўся пажар. Цяпер на ім ідзе маштабная мадэрнізацыя вытворчасці: будуецца комплекс гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых рэшткаў, які дасць магчымасць павысіць глыбіню перапрацоўвання нафты да 90 адсоткаў і вышэй. Праект планавалася зрэалізаваць да 2021 года, але тэрміны яго завяршэння пераносіліся ўжо некалькі разоў. Год таму адбыўся яшчэ адзін пажар, ён быў звязаны з пусканаладачнымі працамі.

Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод уведзены ў эксплуатацыю ў 1975 годзе. Асноўныя віды дзейнасці: перапрацоўванне нафты, вытворчасць і рэалізацыя нафтапрадуктаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны