У судзе Маскоўскага раёну Берасця 30 красавіка вынеслі прысуд у «пінскай справе»
2021.04.30 12:59
Працэс у «пінскай справе» разглядалі з 23 сакавіка. 14 палітычных вязняў абвінавачваюцца ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК) у ноч на 10 жніўня ў Пінску. У тыя дні адбываліся жорсткія сутыкненні паміж пратэстоўцамі і сілавікамі: людзі заблакавалі будынак выканкаму і сталі патрабаваць сумленнага падліку галасоў.
У судзе Маскоўскага раёну сёння прагучыць прысуд у «пінскай справе». Зноў не пусцілі частку людзей і незалежных журналістаў. Берасце, Беларусь. 30 красавіка 2021 года. Фота: МХ / Белсат
109 міліцыянтаў і чыноўнікаў першапачаткова хацелі атрымаць каля 530 тысячаў рублёў кампенсацыі. Працаўнікі Пінскага дэпартаменту аховы адмовіліся ад матэрыяльнай кампенсацыі ад 14 фігурантаў «пінскай справы». У адрозненне ад работнікаў пінскіх РАУС і ГАУС, прэтэнзіяў матэрыяльнага характару да абвінавачаных яны не маюць. Таксама не заявілі патрабаванняў пра кампенсацыю шкоды працаўнікі Іванаўскага РАУС, якія прыбылі ў ноч на 10 жніўня ў Пінск як падмацаванне. Аднак іншыя міліцыянты і чыноўнікі патрабуюць ад палітычных вязняў у межах гэтай справы агулам каля 530 тысячаў рублёў кампенсацыі за свае маральныя пакуты, бо яны «перажылі страх, прыніжэнне, боль і сорам, страцілі сон, спакой і апетыт, адчувалі і адчуваюць трывогу».
У выніку суд прызначыў абвінавачаным выплаціць каля 24 тысячаў рублёў як пакрыццё матэрыяльнай шкоды арганізацыям і прадпрыемствам. З іх амаль 19 тысячаў – міліцыі. На карысць 93 пацярпелых з абвінавачаных будуць спагнаныя каля 150 тысячаў рублёў кампенсацыі маральнай шкоды, паведамляе Tut.by.
У судзе Маскоўскага раёну сёння прагучыць прысуд у «пінскай справе». Не пусцілі частку людзей і незалежных журналістаў. Берасце, Беларусь. 30 красавіка 2021 года. Фота: МХ / Белсат
«Пінскую справу» разглядае сумнавядомы суддзя Яўген Брэган. 14 красавіка пракуроры Дайнэка і Ляшок запатрабавалі пакаранне для абвінавачаных ад 5,5 да 6,5 года калоніі. 30 красавіка суддзя вынес наступныя выракі:
36-гадоваму маналітчыку Раману Багнаўцу – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму,
20-гадоваму фанату ФК «Хваля» Даніілу Богнату – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму,
31-гадоваму РыгоруГуньку – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму,
28-гадоваму работніку «Пінскдрэву» Сяргею Ляжэнку – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму,
43-гадоваму дальнабойніку СтаніславуМіхайлаву – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму,
44-гадовай санітарцы АленеМаўшук – 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму,
42-гадоваму СяргеюМаўшуку – 6,5 года калоніі строгага рэжыму (адзіны на волі пад хатнім арыштам),
20-гадоваму ДэвідуМасціцкаму – 5,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму,
35-гадоваму таксісту ВячаславуРагашчуку – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму,
19-гадоваму фанату ФК «Хваля» АлегуРубцу – 5,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму,
37-гадоваму актывісту руху «За свабоду» Ігару Салаўю – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму,
35-гадоваму Аляксандру Цярэшку – 6,5 года калоніі строгага рэжыму,
32-гадоваму Артуру Халімончыку – 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму,
20-гадоваму Вячаславу Шалямету – 5,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Усе, акрамя палітычных вязняў Данііла Богната, Ігара Салаўя, Станіслава Міхайлава, прызналі віну часткова. Некаторыя тлумачылі, што не збіраліся траўмаваць міліцыянтаў, а білі толькі па шчытах, іншыя не згаджаліся з колькасцю нанесеных удараў. Таксама яны не прызнаюць, што мелі папярэдні намер і ўступілі ў змову.