Павелічэнне пенсіяў і дапамогі, адключэнне гарачай вады. Што чакае беларусаў у траўні

У траўні беларусаў чакае рост кошту некаторых паслуг і тавараў пры адначасовым павелічэнні пенсіяў і дапамогі. У краіну можа вярнуцца «Nivea» (але гэта недакладна), а з краіны можна будзе паляцець у Мурманск ці нават Архангельск. Таксама пачнецца адключэнне гарачай вады, і не толькі ў дармаедаў. А некаму за гэта ўсё нават давядзецца аддаць «воінскі абавязак». Ды, на жаль, рэпрэсіі нават не збіраюцца спыняць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Раённы суд польскай сталіцы разглядае справу аб экстрадыцыі ў Беларусь Сцяпана Пуцілы, заснавальніка тэлеграм-каналу «NEXTA», прызнанага беларускімі ўладамі экстрэмісцкім. Варшава, Польшча. 26 студзеня 2022 года. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

3 траўня будзе абвешчаны прысуд кіраўнікам тэлеграм-каналу «NEXTA». Пракурор запытаў для Рамана Пратасевіча 10 гадоў пазбаўлення волі, для Яна Рудзіка – 19 гадоў, для Сцяпана Пуцілы – 20 гадоў. Таксама ім выставілі пазоў на Br 30 млн. Праўда, з усіх трох у судзе прысутнічае толькі Пратасевіч, якога прадстаўнікі рэжыму затрымалі ў траўні 2021 года, прызямліўшы дзеля гэтага рэйс Афіны – Вільня.

11 траўня ў закрытым рэжыме пачнецца суд над гомельскім журналістам Яўгенам Меркісам. Яго затрымалі ў верасні 2022 года і абвінавачваюць у «спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці» ды «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні». Працэс у Гомельскім абласным судзе ўзначаліць Аляксей Клішчанкаў.

Пенсіі, дапамога і льготы

З 1 траўня павялічыцца бюджэт пражыткавага мінімуму (БПМ) – на 3,1 %, ці крыху больш за Br 10. Цяпер ён складзе Br 352,13 замест Br 341,48 (было з 1 лютага). У сувязі з падвышэннем БПМ з 1 траўня на 3,1 % павялічваюцца таксама памеры дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, даплаты і надбаўкі пенсіянерам ва ўзросце 75 гадоў і старэйшых, дапамога для догляду за інвалідам I групы або за асобай, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, надбаўкі для асобных катэгорыяў пенсіянераў і сацыяльныя пенсіі.

Акрамя таго, з 1 траўня запланаваны пераразлік працоўных пенсіяў, у выніку якога яны павялічацца ў сярэднім на 5 %. Атрымальнікі працоўных пенсіяў – 2,3 млн чалавек.

Таксама з 1 траўня да 31 кастрычніка грамадзяне, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, атрымаюць права на зніжку 50 % на праезд у цягніках рэгіянальных лініяў эканом-класу. Для гэтага трэба мець арыгінал пенсійнага пасведчання. Ільгота не датычыць праезду ў цягніках рэгіянальных лініяў бізнес-класу, гарадскіх і міжрэгіянальных лініяў.

Змены ў працы банкаў

Стаўка рэфінансавання з 2 траўня зніжаецца да 10 % гадавых. Стаўка за крэдыт оўвэрнайт таксама зніжаецца – з 11,5 % да 11 % гадавых, а стаўка на дэпазіт оўвэрнайт – з 9,5 % да 9 % гадавых.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

«Беларусбанк» з 1 траўня падвысіць камісію за спрыянне ў вяртанні памылкова адпраўленых у іншыя банкі грошай. Яна вырасце з Br 22 да Br 27 за кожную такую аперацыю. «Беларусбанк» спаганяе гэтую камісію ў тых выпадках, калі кліент памылкова адправіў грошы са сваёй карткі ў іншую фінансавую ўстанову. У такім выпадку банк бярэ камісію за адпраўку ў іншы банк інфармацыі аб памылковым плацяжы. Пры гэтым банк не гарантуе вяртання грошай.

У траўні ўвядзе некаторыя змены для кліентаў і «БНБ Банк». Для фізічных асоб з 17 траўня прыпыняць выпуск карткі «My Card 1-2-3» у доларах і еўрах наўзамен згубленай. А камісія за СМС-апавяшчэнне вырасце з Br 3 да Br 3,5.

Перанос выходных

У траўні беларусаў чакае чарговы перанос выходных. Працоўны дзень 8 траўня (панядзелак) пераносіцца на суботу, 13 траўня. Днямі адпачынку будуць 6-га (субота), 7-га (нядзеля), 8-га (панядзелак) і 9-га (аўторак) траўня – чатыры дні запар.

Амбулаторна-паліклінічныя арганізацыі аховы здароўя, амбулаторна-паліклінічныя падраздзяленні лякарняў і РНПЦ, арганізацыі службы крыві, санітарна-эпідэмічныя арганізацыі, аптэкі, арганізацыі медтэхнікі і арганізацыі асаблівага тыпу 6 і 8 траўня будуць працаваць паводле графіку суботы, 7 і 14 траўня – як у выходныя дні, 1 і 9 траўня – як у святочныя дні, а 13 траўня –  паводле графіку працоўнага дня. Шпіталі і РНПЦ будуць працаваць паводле наступнага графіку: 6 і 13 траўня – як у суботу, 7 і 14 траўня – як у выходны, 8 траўня – як у працоўны, 1 і 9 траўня – як у святочны.

Уступная кампанія

10 траўня распачынаецца рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэставанне. Яна працягнецца да 1 чэрвеня. У мінулыя гады працэдура стартавала раней, 2 траўня, цяпер яе тэрміны скарацілі.

14 траўня 11-класнікі будуць здаваць цэнтралізаваны экзамен па беларускай або расейскай мове, а 21 траўня – па вучэбным прадмеце на выбар выпускніка. Цэнтралізаванае тэставанне стартуе ўжо 14 чэрвеня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Таксама з 1 траўня на сайтах ВНУ з’явіцца інфармацыя аб колькасці месцаў, вылучаных для паступлення на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Будуць пазначаны канкрэтныя спецыяльнасці і замоўцы, якія падалі заяўкі і з якімі абітурыентам неабходна падпісаць дамовы аб мэтавай падрыхтоўцы.

Цыгарэты даражэюць

З 1 траўня падвышаюцца цэны на пэўныя маркі цыгарэт. У прыватнасці, на «Kent», «Карону», «Форт», «LD», «Monte Carlo», «Camel», «Winston», «Sobranie». Цыгарэты падаражэюць ад 2 да 30 капеек.

Двухбаковыя санкцыі

У траўні заканчваецца дзеянне забароны на ўвоз тавараў фірмаў «Skoda», «Nivea» і «Liqui Moly», якія былі забароненыя яшчэ ў 2021 годзе, бо кампаніі-вытворцы адмовіліся спансараваць чэмпіянат свету па хакеі ў Менску ў 2021 годзе,  а спаборніцтвы ў выніку перанеслі ў Латвію. Пакуль забароны не працягнулі. Але ці з’явяцца гэтыя тавары ва ўмовах, калі менскі рэжым дапамагае Расеі ў яе агрэсіі супраць Украіны, застаецца пытаннем.

А пасля 31 траўня для беларускіх аўтаўладальнікаў у Еўразвязе, Вялікай Брытаніі і Швейцарыі перастане дзейнічаць міжнародны поліс страхавання аўтаграмадзянскай адказнасці «Зялёная карта». Выдадзеныя ў гэтых краінах «зялёныя карты» таксама перастануць працаваць у Беларусі. Таму дамовы страхавання «Зялёная карта» з тэрыторыяй дзеяння гэтых краінаў могуць падпісвацца пры ўмове, што тэрміну іх дзеяння не сягае далей, чым 31 траўня.

Адключэнне вады

16 траўня ў Менску пачнецца сезоннае адключэнне гарачай вады. Ваду адключаюць для правядзення выпрабаванняў, планавага абслугоўвання і рамонту цепласетак у межах рыхтавання да новага ацяпляльнага сезону. Як заяўляецца, адключэнне не павінна перавышаць 13 содняў. Адрасы першых «шчасліўцаў» можна знайсці на сайце Менскіх цепласетак.

Прызыў на тэрміновую службу

5 траўня мае закончыцца адпраўка ў войска грамадзянаў Беларусі, прызваных на тэрміновую вайсковую службу. Усяго ў армію для праходжання тэрміновай службы плануецца накіраваць каля 10 тысяч хлопцаў ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў. Ужо 20 траўня яны прынясуць вайсковую прысягу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь / Telegram

Мінус адзін канал

1 траўня спыняе трансляцыю беларускі забаўляльны тэлеканал «ВТВ», які пачаў працу 21 студзеня 2010 года ў выніку рэбрэндынгу музычнага тэлеканалу «Первый музыкальный». Такое рашэнне было прынята заснавальнікамі медыя. Замест яго ў кабельнай сетцы Менскіх тэлевізійных інфармацыйных сетак пачнецца трансляцыя іншага беларускага забаўляльнага тэлеканалу – «+TV».

Выправаджэнне мігрантаў

У суседняй Літве з 3 траўня плануюць дазволіць памежнікам выправаджваць з краіны нелегальных мігрантаў, выяўленых у памежнай паласе – да 5 км ад дзяржаўнай мяжы. З 2021 года Літва выправадзіла ў Беларусь больш як 20 тысяч чалавек. Аднак гэта рабілася на падставе загаду міністра ўнутраных справаў, а затым – на распараджэнне ўраду.

Падаходны і дармаедскі падаткі

Беларусам у траўні трэба заплаціць падаходны падатак за 2022 год, інакш пагражае штраф. Калі гэта не было зроблена праз неасцярожнасць, а нявыплачаны або недаплачаны падатак перавышае Br 37, то штраф складзе 15 % ад нявыплачанага падатку, але не менш за Br 18,5. За наўмысную нявыплату або няпоўную выплату падаходнага падатку паводле пададзенай дэкларацыі штраф складзе 40 % ад нявыплачанай сумы падатку, але не менш за Br 370. А на суму нявыплачаных у тэрмін падаткаў за кожны дзень пратэрміноўвання налічваецца пеня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

У траўні ўлады актуалізуюць спіс працаздольнага насельніцтва, незанятага ў эканоміцы. Тым уласнікам жылля, якія трапілі ў яго, прыйдзецца аплочваць паводле поўных тарыфаў гарачае водазабеспячэнне, ацяпленне і газ.

Палёты на поўнач і поўдзень

Расейская «Северсталь Авиа» з 3 траўня распачынае рэгулярныя рэйсы ў Менск з Архангельску (з перасадкаю ў Чарапаўцы). Рэйсы плануюцца на панядзелак і сераду. А «Белавія» 23 траўня адкрые просты рэйс у Мурманск. Палёты будуць выконвацца па аўторках.

З 2 траўня чартарныя рэйсы ў турэцкую Анталью з Менску будуць лётаць «практычна штодня». Да чэрвеня самалёт будзе вылятаць з Менску ў Анталью два разы на дзень, у панядзелак і чацвер, тры разы на дзень. Працягласць пералёту – каля 5,5 гадзіны.

Макар Мыш / Авер belsat.eu

Тэгі: кошты
Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны