Самага пажылога «тэрарыста» судзяць пяты раз. Хроніка пераследу 30 красавіка

Рэжым у Беларусі працягвае пераслед і катаванні грамадзянаў. «Белсат» сабраў факты пераследу за 30 красавіка.

71-гадовага пенсіянера Васіля Дземідовіча будуць судзіць па 5 крымінальнай справе, пішуць праваабаронцы. 20 красавіка ў Гомлі пачалі разглядаць справу супраць Васіля Дземідовіча паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 391 КК («Абраза суддзі»). Суд па гэтай справе працягнуць 2 траўня. А 5 траўня супраць пенсіянера распачнуць 5-ы па ліку. Гэтым разам новую справу паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») будуць разглядаць у судзе ў Пухавічах. Узначаліць працэс суддзя Вольга Бабук.

Пенсіянер з Нясвіжа Васіль Дземідовіч. Фота: Вясна

Васіля Дземідовіча асудзілі да 6 гадоў пазбаўлення волі, пазней дадалі яшчэ паўгода зняволення па новай справе.

КДБ унёс Васіля Дземідовіча ў «тэрарыстычны спіс».

Падтрымаць Васіля можна па адрасе: СІЗА-3. 246003, Гомель, Кніжная, 1А, Васіль Іванавіч Дземідовіч

70-гадоваму жыхару Нясвіжа пагражае вялікі тэрмін зняволення за нібыта падрыхтоўку беспарадкаў

 

Палітзняволенага «рэйкавага партызана» Віталя Мельніка перавялі ў глыбоцкую калонію № 13. 22 снежня Віталю Мельніку прысудзілі 13 гадоў калоніі асаблівага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў.

Вядома, што падчас затрымання палітвязню прастрэлілі каленныя суставы. Ён да гэтага часу можа перасоўвацца толькі на мыліцах.

Шокавы змест
Каб пабачыць, клікні на фота/відэа
Затрыманне Віталя Мельнікава. Скрыншот з відэа МУС. Крыніца: Pressmvd / Telegram

Падтрымаць Віталя можна па адрасе: ПК № 13, 211791, Глыбокае, Савецкая, 205, Віталь Юр’евіч Мельнік. 

Віталь Мельнік. Фота: Telegram /dissidentBY

Жонка палітвязня Дзяніса Івашына Вольга паведаміла, што журналіста чарговы раз змясцілі ў ШЫЗА. Прычыны і тэрмін – невядомыя.

У верасні летась Гарадзенскі абласны суд прызнаў Дзяніса Івашына вінаватым паводле арт. 365 КК («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў») і ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»). Палітвязню прысудзілі 13 гадоў і 1 месяц калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Падтрымаць палітвязня можна па адрасе: ПК № 15. 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша 183, Дзянісу Яўгенавічу Івашыну

Вольга і Дзяніс Івашыны. Фота: Вольга Івашына / Facebook

Супраць сына палітыка Анатоля Лябедзькі распачалі крымінальную справу, паведамляе ў сваім Facebook палітык.

«Патрэбны быў нейкі час каб выдыхнуць… Арцёма не выпусцілі з засценкаў. Акрэсціна змяняе Валадарка. Хлуслівыя, ад першай літары да апошняга слова пратаколы адміністрацыйнай справы і 30 содняў здзеку і катаванняў у самай мярзотнай турме Еўропы.

Цяпер фабрыкацыя крымінальнай справы. Вышэйшы пілатаж бесчалавечнасці і мярзотнасці. Свядома, мэтанакіравана ідуць па жывых людзях, па сям’і, па дзіцяці. Пад падэшвай беззаконня хлюпаюць слёзы, хрусцяць косці, краваточыць боль.

За сваё жыццё я перажываў самыя розныя эмоцыі і пачуцці, але нянавісць толькі зараз. І нічога з гэтым зрабіць немагчыма. Яна зараз мой спадарожнік па жыцці», – напісаў Антоль Лябедзька.

Праваабаронцам стала вядома, што Арцёма Лябедзьку абвінавачваюць паводле арт. 361-2 КК («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»). Яго перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Арцём Лябедзька з дачкою. Фота: Анатоль Лябедзька / Facebook

У Верхнядзвінску сілавікі схапілі актывістку Валянціну Болбат, паведамляе актывіст Ілля Міронаў. Паводле актывіста, пры затрыманні Валянціне стала кепска. Цяпер яна ў Больніцы.

Чэхія заклікала Менск аказаць меддапамогу Віктару Бабарыку

Алена Аляксандрава belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны