«Рэпрэсіі сталіся сутнасцю сістэмы». Як Беларусь ператвараецца ў Іран

Рэжым у Беларусі ўкараняе свой ціск і спрабуе забараніць любую форму іншадумства. На жаль, прагноз экспертаў неаптымістычны: да канца электаральнай кампаніі ў Беларусі чакаць паляпшэння сітуацыі не выпадае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

Пра гэта гаворыцца ў справаздачы «Барометр рэпрэсій» ад Цэнтру новых ідэяў, якая ўяўляе сабой агляд статыстычных звестак, дапоўненых кантэкставай інфармацыяй з адкрытых крыніцаў. Аўтар даследавання, сацыёлаг Генадзь Коршунаў, падчас прэзентацыі адзначыў, што ўсе тэндэнцыі паказваюць на ўзмацненне рэпрэсіўнага клімату ў Беларусі, з падзелам грамадства на лаяльных і нелаяльных. Адносна апошніх праводзіцца ўсё больш мэтанакіраваная дыскрымінацыя і жорсткі рэпрэсіўны ціск. Гэта ўключае пагаршэнне ўмоваў утрымання ў месцах зняволення, павелічэнне колькасці палітычна матываваных затрыманняў і актыўную крыміналізацыю апанентаў.

«Рэпрэсіі выходзяць на такі ўзровень, што гэта сама сутнасць існавання сістэмы, якую выбудоўвае рэжым Лукашэнкі, пачынаючы ад адукацыі і заканчваючы прапагандай», – падкрэсліў Генадзь Коршунаў.

Разгледзім галоўныя трэнды рэпрэсіяў за першы квартал 2024 года.

Курс на знішчэнне палітвязняў

Сітуацыя ў беларускіх месцах зняволення працягвае моцна пагаршацца, што адмоўна адбіваецца на стане здароўя вязняў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Kyaw Soe Oo / Reuters / Forum

Улады не толькі не зніжаюць ціску на зняволеных, а, наадварот, робяць захады для пагаршэння ўмоваў іх утрымання. Спектр такіх захадаў вельмі шырокі – ад дысцыплінарных спагнанняў (змяшчэнне ў штрафны ізалятар, карцар) і прысуджэння новых тэрмінаў зняволення да рэжыму «інкамунікада» і адмовы ў медычнай дапамозе. У выніку цягам першых трох месяцаў 2024 года ў месцах зняволення загінулі два палітзняволеныя: Вадзім Храсько і Ігар Леднік. А 9 красавіка ў берасцейскім СІЗА памёр затрыманы з палітычных матываў Аляксандр Кулініч.

Вельмі змрочная тэндэнцыя: шэсць смерцяў палітзняволеных пасля 2020 года – і палова з іх сёлета. А яшчэ ўзгадаем інфармацыю пра тое, што пагаршаецца стан здароўя ў некаторых публічных палітвязняў (Алесь Бяляцкі, Аляксей Ільінчык, Марыя Калеснікава, Рыгор Кастусёў, Павел Кучынскі і іншыя). Агулам праваабаронцы называюць 250 палітвязняў, якія маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем.

Разам з тым, медычная дапамога за кратамі заўсёды была праблемай. Але цяпер улады або не даюць рады такім праблемам, або мэтанакіравана ствараюць крытычную сітуацыю з гігіенай і медычным забеспячэннем зняволеных.

«Ідзе курс на знішчэнне палітвязняў, як маральна-псіхалагічнае, так і фізічнае», – дадаў Генадзь Коршунаў.

Галоўнае – максімальна запалохаць: як працуе карна-рэпрэсіўная машына ў Беларусі

Знішчэнне права на прыватнасць

Ужываецца ўсё больш захадаў для кантролю над грамадствам: знішчэнне абшараў свабоды і самаарганізацыі, падпарадкаванне інтарэсам дзяржавы дзейнасці сацыяльных суб’ектаў усіх узроўняў, ад бізнесу і трэцяга сектару да паўсядзённага жыцця.

Улады павялічваюць сілы і магчымасці сілавікоў у кантролі і сачэнні за беларусамі, як офлайн (відэакамеры), так і онлайн (доступ да розных базаў звестак без згоды грамадзянаў). Пры гэтым кантроль становіцца мілітарызаваным: сілавікі цяпер могуць без папярэджвання і адказнасці ўжываць зброю супраць грамадзянаў.

Асобны кірунак – кантроль за онлайн-дзеяннямі беларусаў, што з часам проста знішчыць такі панятак, як права на прыватнасць.

Так, запрацавалі папраўкі ў Падатковы кодэкс, якія прымушаюць мабільных аператараў як перадаваць падатковым службам свае базы звестак пра абанентаў (двойчы на год), так і забяспечваць гэтым службам аддалены доступ да гэтых базаў.

З 1 сакавіка запрацаваў кругладзённы супердоступ сілавікоў да плацяжоў беларусаў з вельмі шырокім правам блакавання любых разлікаў і рахункаў. На дадатак да гэтага ідзе праца для надання следчым права атрымліваць асабістыя звесткі беларусаў без іхнай згоды (у тым ліку аддаленым спосабам). Такі законапраект ужо быў прыняты ў першым чытанні.

Акрамя гэтага, улады намагаюцца стварыць і ўкараніць сістэму правярання зместу сеткавых пакетаў, каб змагацца з ананімайзэрамі, VPN і проксі-серверамі. Усё гэта прыкрываецца клопатам пра дзяцей.

Што рабіць, калі ў Беларусі заблакуюць YouTube, Facebook ці Telegram – і як паставіць VPN

Сярод трэндаў яшчэ і працяг мэтанакіраванага знішчэння структураў трэцяга сектару як прасторы для самаарганізацыі і грамадзянскага самавыяўлення. За першы квартал сёлета было знішчана 92 НДА, тады як у апошнім квартале 2023 года – 68 НДА. Агулам з 2020 года было знішчана болей за 1600 арганізацыяў.

Любыя кантакты з ворагамі рэжыму будуць карацца

Рэжым у Беларусі ўзмацняе высілкі для падзелу беларускага грамадства – і з гледзішча разнастайнага пераследу беларусаў замежжа, і ў рэчышчы знішчэння сувязяў паміж беларусамі на розных баках дзяржаўнай мяжы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

Сітуацыя з гэтым працягвае пагаршацца. Так, улады распачалі серыю групавых справаў крымінальнага кшталту супраць тых беларусаў, якія вымушана пакінулі радзіму: справа «Кадравага рэзерву»; крымінальны працэс супраць «Народных амбасадаў» і «Беларусаў замежжа»; справа «аналітыкаў Ціханоўскай»; абвяшчэнне экстрэмісцкім фармаваннем Вольнага беларускага ўніверсітэту.

Цяпер фокус значна пашырыўся і ўсё больш падбіраецца да шараговых прадстаўнікоў беларускай дыяспары.

Але галоўны ўдар за мінулы час быў нанесены не столькі па дыяспары, колькі па інфраструктуры сувязяў паміж беларусамі замежжа і беларусамі ўнутры Беларусі. Найбольш маштабная атака адбылася напрыканцы студзеня, калі амаль 300 чалавек сутыкнуліся з ператрусамі, допытамі і затрыманнем за атрыманне «дапамогі салідарнасці». Раней такога не было.

«Сэнс сігналаў ад уладаў просты: любыя кантакты з ворагамі рэжыму Лукашэнкі будуць карацца. Калі разглядаць гэтыя працэсы ў повязі з крыміналізацыяй кантактаў з незалежнымі медыямі і з пераследам за «данаты салідарнасці», то мы маем не проста працяг, а новы ўзровень барацьбы рэжыму Лукашэнкі супраць транснацыянальнай сістэмы беларускай салідарнасці», – падкрэслівае Генадзь Коршунаў.

Адзін крок да таталітарнай дзяржавы

Трывае практычнае выкарыстанне антыэкстрэмісцкага заканадаўства з палітычнаю мэтаю. Расце колькасць экстрэмісцкіх фармаванняў і судовых паседжанняў для прызнання інфармацыйных крыніцаў экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Агульная колькасць затрыманых за першы квартал сёлета склала 987 чалавек, што на 13 % болей за папярэдні перыяд. Асноўная колькасць затрыманняў прыпала на студзень – люты.

У затрыманнях захоўваюцца трэнды, што вызначыліся як мінімум у 2022 годзе. Гэта рэпрэсіі за ўдзел у падзеях 2020-га, за рознае падтрыманне Украіны, за выказванне крытыкі дзеянняў рэжыму ў Беларусі ці расейскага войска. Адметнасцю сталася тое, што ўпершыню людзей пачалі караць за атрыманне «дапамогі салідарнасці».

Трэнд 2023 года на дамінаванне «адміністратывак» над «крыміналкамі» зламаўся. Калі раней назіраўся паступовы рост адміністратыўнага пераследу на фоне зніжэння колькасці крымінальных справаў, то ў першым квартале 2024 года эксперты фіксуюць злом трэнду: першы квартал прынёс прырост і адміністратыўнага, і крымінальнага пераследу беларусаў.

Такім чынам, канстатуе Генадзь Коршунаў, спадзеў калі не на спыненне рэпрэсіяў, то хаця б на запавольванне тэмпаў іх росту, на вялікі жаль, не спраўдзіўся, і грамадства ў вачах улады працягвае быць варожым аб’ектам.

«У нас выбудоўваецца іранскі варыянт, калі незадаволеныя выціскаюцца з краіны. Дзякуй Богу, не кітайскі і не карэйскі. Але ёсць такое адчуванне, што ўлады цяпер будуюць лічбавы аўтарытарызм, ад якога будзе адзін крок да таталітарнай дзяржавы. Падкрэслю: менавіта дзяржавы, бо беларускае грамадства прадэмакратычнае. А вось рэжым – аўтарытарна-таталітарны», – рэзюмаваў Генадзь Коршунаў.

Ася Саковіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны