Сахашчык пракаментаваў ліст пра атаку на Беларусь: «Усё, каб перадухіліць негатыўныя наступствы»

Валерый Сахашчык пракаментаваў ліст з ягоным подпісам, дзе гаворыцца аб планаваных нападах на аб’екты крытычнай энергетычнай інфраструктуры Беларусі. Ён сцвярджае, што гэта было зроблена, каб перадухіліць магчымыя негатыўныя падзеі.

Валер Сахашчык падчас грамадскіх слуханняў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету ў Каардынацыйнай радзе Беларусі. Варшава, Польшча. 2 жніўня 2023 года. Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«Ліст аб магчымай правакацыі з атакай на беларускія абʼекты крытычнай энергетычнай інфраструктуры сапраўды меў месца і быў накіраваны на перадухіленне гэтай пагрозы», – піша Валерый Сахашчык.

Раней «Белсат» атрымаў доступ да ліста на бланку Дэпартаменту нацыянальнай бяспекі ў складзе Абʼяднанага пераходнага кабінету за подпісам Валерыя Сахашчыка. Там гаворыцца пра запланаваныя напады на абʼекты крытычнай энергетычнай інфраструктуры Беларусі. Быццам беларусы, якія звязаныя з Паспалітым рушэннем і «ліцвінамі», рыхтуюць ударны беспілотнік для таго, каб атакаваць абʼекты энергетычнай інфраструктуры ў Беларусі.

Тады Сахашчык пацвердзіў «Белсату», што ліст сапраўдны, але прасіў яго не публікаваць.

«Адпаведная інфармацыя была атрыманая з афіцыйных крыніцаў у кампетэнтных ведамствах шэрагу заходніх краінаў. У сувязі з гэтым, усе, хто мог быць неяк звязаны з гэтай сітуацыяй, былі апавешчаныя аб магчымых наступствах.

Мы не абвінавачвалі і не шкодзілі іміджу адрасатаў, а наадварот, зрабілі ўсё, што ў нашых сілах, каб перадухіліць вельмі негатыўныя для іх наступствы з боку заходніх краін-партнёраў, прычым выключна ў канфідэнцыйным парадку.

Такім чынам, гаворка ішла аб прафілактычным прававым інфармаванні, абароне жыццяў беларусаў і перадухіленні ваеннай эскалацыі, якая выключна ў інтарэсах Расеі. Зыходзячы з задачаў, якія стаяць перад Дэпартаментам нацыянальнай бяспекі Беларусі, мы і ў далейшым працягнем выконваць свае абавязкі для перадухілення любых правакацыяў, здольных нанесці шкоду беларусам і гуляць на руку рэжымам Лукашэнкі і Пуціна», – працягвае Сахашчык.

Ён адзначае, што шкоду «нашай агульнай справе» нанёс не дакумент, які ён падпісаў, а тыя, хто арганізавалі ўцечку ў СМІ і КДБ. 25 красавіка кіраўнік КДБ Іван Церцель заявіў, што камітэт нібыта «перадухіліў нанясенне ўдараў баявымі дронамі з тэрыторыі Літвы па абʼектах у Менску і яго прыгарадах». МЗС Літвы назваў гэта дэзынфармацыяй.

«Спецслужбы Лукашэнкі, у сваю чаргу, паводле даўняй традыцыі не прыдумалі нічога лепшага, як максімальна раздуць узровень пагрозы і прыпісаць сабе нейкія “вострыя чэкісцкія мерапрыемствы” для галачкі і прэміі. Тут якраз нічога дзіўнага – думаем, што беларусы даўно знаёмыя з звычкамі спецслужбаў рэжыму.

На заканчэнне я хацеў бы заклікаць незалежныя беларускія СМІ не публікаваць дакументаў з грыфам сакрэтнасці і не правакаваць тым самым канфліктных сітуацыяў унутры дэмакратычных сілаў. Толькі дзейнічаючы разам, стоячы плячом да пляча, мы можам супрацьстаяць ворагам беларускага народу – Пуціну і Лукашэнку, а не падыгрываць рэжыму дзеля рэйтынгаў і хайпу», – рэзюмуе Валерый Сахашчык.

Напад на Беларусь – адкуль інфармацыя ў Сахашчыка і што з ёй не так?

Арсен Рудэнка belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны