Медыі: у Крыме атакаваны расейскі катар тыпу «Тунец»

Ноччу былі атакаваныя аб’екты ў акупаваным Крыме. Медыі паведамляюць пра пашкоджанне паромаў і расейскага патрульнага катара.

Паводле выдання «ASTRA», жыхары Керчы чулі ў горадзе каля 20 выбухаў. Рух па Крымскім мосце быў часова перакрыты. Прадстаўнікі акупацыйных уладаў паведамляюць, што былі атакаваныя абʼекты транспартнай інфраструктуры, пашкоджаныя два паромы: аўтамабільны і чыгуначны. Ахвяраў сярод маракоў і цывільных няма.

Мінабароны Расеі сцвярджае, што каля Крыму нібыта былі перахопленыя 8 украінскіх ракетаў, 8 дронаў і два марскія беспілотнікі.

Выданне LIGA.net са спасылкаю на крыніцы сярод украінскія сілавікоў паведамляе, што ў выніку аперацыі Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны пад удар трапіў расейскі катар тыпу КС-701 «Тунец». Пра атаку на расейскі катар, які выкарыстоўваўся для абароны Крымскага мосту, паведамляе таксама УНІАН.

Невядома, наколькі сурʼёзныя пашкоджанні атрымала судна. Афіцыйных каментароў на гэты конт ні з боку Украіны, ні з боку РФ не было.

Пра знішчэнне карабля аналагічнага тыпу ЗСУ паведамлялі ў верасні 2023 года.

Глеб Нержын belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны