У аэрапорце Кішынэва нападнік застрэліў двух чалавек

У аэрапорце Кішынэва ў Малдове адбылася перастрэлка, у ходзе якой, па дадзеных Pulsmedia, загінулі двое чалавек. Перастрэлку ўсчаў замежнік, якому забаранілі ўезд на тэрыторыю Малдовы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: pulsmedia.md

Згодна з паведамленнямі малдаўскага выдання ZdG, мужчына, які пачаў страляніну, прыбыў на самалёце з Турцыі. Пасля таго як яму быў забаронены ўезд на тэрыторыю краіны, ён дастаў пісталет і, некалькі разоў стрэліўшы ў паветра, стрэліў у бок памежнікаў. Пасля мужчына забарыкадаваўся з закладнікамі. Вылеты з аэрапорта былі часова прыпыненыя.

Паводле непацверджаных звестак малдаўскага выдання Pulsmedia, мужчына можа быць грамадзянінам Расеі, а таксама наймітам ПВК Вагнэра.

Дзякуючы аперацыі, праведзенай сілавікамі, нападнік быў абяззброены.

У выніку нападу загінуў памежнік, другі загінулы – «цывільная асоба, якая знаходзілася ў аэрапорце». Па іншых звестках, другім чалавекам, якога смяротна параніў нападнік, быў ахоўнік, які працаваў у аэрапорце.

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны