Увечары 29 чэрвеня расейская армія ўчыніла ракетны абстрэл гораду Вільнянск, што ў Запарожскай вобласці. У выніку загінулі 7 мірных жыхароў.
У выніку ракетнай атакі былі пашкоджаныя аб’екты крытычнай інфраструктуры, 2 жылыя шматпавярховыя дамы, 12 гандлёвых памяшканняў і 7 аўтамабіляў. Загінулі 7 асобаў, у тым ліку трое дзяцей.
Спачатку заяўлялася, што раненні атрымалі 23 асобы. Удзень 30 чэрвеня МУС Украіны паведаміла, што колькасць параненых вырасла да 38 асобаў, дзевяць з іх – дзеці. Сярод параненых ёсць цяжарная жанчына.
Кіраўнік Запарожскай абласной вайсковай адміністрацыі Іван Фэдараў распавёў, што большасць пацярпелых атрымалі лёгкія раненні: яны атрымалі дапамогу медыкаў, але шпіталізаваныя не былі. 12 асобаў трапілі ў лякарні. Стан шасці параненых ацэньваецца як цяжкі. У шпіталізаваных ёсць асколачныя раненні, кантузіі, траўматычныя ампутацыі і пераломы.
У Запарожскай вобласці 30 чэрвеня абвешчана жалоба.
Глеб Нержын belsat.eu