Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у святкаванні Купалля ў Вільні і падзякавала беларусам за сумеснае святкаванне. Фота і відэа апублікаваў Офіс абранай прэзідэнткі.
Па традыцыі, падчас свята ўдзельнікі плялі вянкі і спускалі іх па рацэ, спявалі беларускія народныя песні, танчылі і шукалі папараць-кветку.
«Дзякуй беларусам і беларускам Вільні за сумеснае святкаванне Купалля, за цеплыню і адчуванне дома. Быццам у дзяцінстве ў бабулі ў вёсцы: спачатку трапятліва рыхтуешся да свята, а потым пляцеш вянкі, шукаеш папараць-кветку. Дзякуй арганізатарам, што нават знаходзячыся ў іншай краіне, ёсць магчымасць дакрануцца і далучыцца да беларускіх традыцый. Раніцай я прачытала, у колькіх краінах свету беларусы адзначылі і плануюць адзначаць Купалле. Цешуся, калі бачу, як мы захоўваем нашу культуру і гісторыю, дзе б мы ні знаходзіліся», – напісала Святлана Ціханоўская ў Telegram.
Нагадаем, Купалле адсвяткавалі таксама і беларусы Варшавы на беразе Віслы. Імпрэза называлася «Вянкі беларускія», яе зладзілі Цэнтр беларускай салідарнасці і студыя дзіцячай творчасці «Купалінка».
Ася Саковіч belsat.eu