Атрымаць гуманітарную візу беларусы цяпер змогуць наўпрост у Польшчы

30 жніўня ўступае ў сілу распараджэнне Міністра замежных справаў Польшчы адносна магчымасці для беларусаў атрымаць польскую гуманітарную візу, не выязджаючы з краіны, паведамляе Free Belarus Center.

Беларусы змогуць атрымаць польскую гуманітарную візу наўпрост у Польшчы. Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: Hrodna.life

Хто зможа падаць заяву на візу?

Згодна з новым распараджэннем, беларусы да 31 снежня 2022 году змогуць падаць заявы на атрыманне:

  • гуманітарных візаў, на падставе якіх будуць мець магчымасць падаць заяву на часовае пражыванне тэрмінам на 3 гады,
  • нацыянальных візаў для працы кіроўцам у міжнародных перавозках пасажыраў ці грузаў.

Атрымаць гуманітарныя візы змогуць беларусы, якія:

  • у дзень падачы заявы знаходзіліся на тэрыторыі Польшчы на падставе дзейных гуманітарных візаў (D21) ці
  • да пачатку поўнамаштабнай вайны пражывалі на тэрыторыі Украіны, адкуль пасля 24.02.2022 з’ехалі ў Польшчу.

Для атрымання гуманітарных візаў беларусы павінны будуць падпісаць заяву, што яны не могуць вярнуцца ў краіну паходжання для атрымання візы з прычынаў бяспекі ці з-за магчымых пераследу ці рэпрэсіяў.

Дзе падаць заяву на візу?

  • на нацыянальную візу для працы кіроўцам-міжнароднікам – у ваяводскім упраўленні па месцы знаходжання
  • на гуманітарную візу – у адной з фірмаў-пасярэдніц, якая даставіць дакументы ў МЗС (спіс гэтых фірмаў будзе прадстаўлены ў бліжэйшы час).

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны