Латвія ўзмоцніць правяранне беларусаў і расейцаў пры выдачы візаў і відаў на жыхарства

Урад Латвіі 30 жніўня прыняў папраўкі МУС у спіс краінаў, грамадзянаў якіх будуць дадаткова правяраць пры выдачы візаў і відаў на жыхарства, піша Delfi.lv.

Мяжа Латвіі. Фота: Flickr

МУС і Служба дзяржаўнай бяспекі Латвіі прапанавалі залучыць у спіс Беларусь, Расею і Камерун. Цяпер расейцы будуць трапляць пад дадатковыя правяранні, незалежна ад месца рэгістрацыі ў РФ. Раней правяралі толькі жыхароў такіх расейскіх рэгіёнаў, як Чачэнія, Дагестан, Інгушэція, Паўночная Асеція.

Падчас правярання будуць ацэньваць, ці не ўяўляе ўезд замежніка ў Латвію пагрозы нацыянальнай бяспецы ці грамадскаму парадку.

Цяпер Латвія не прымае заяваў на візы ад грамадзянаў Расеі. Выключэнні робяцца толькі для тых, хто патрабуе абароны і прэтэндуе на гуманітарную візу.

Спіс краінаў, грамадзянаў з якіх будуць дадаткова правяраць, будзе пераглядацца ў Латвіі не радзей за раз на тры гады.

«Financial Times»: Еўразвяз скасуе спрошчаную выдачу візаў расейцам. Наконт Беларусі кансэнсусу няма

Таксама ў аўторак, 30 жніўня, у Празе адбудзецца нефармальнае паседжанне Рады замежных справаў Еўразвязу, на якім абмяркуюць забарону на ўезд у ЕЗ для грамадзянаў Расейскай Федэрацыі.

Міністр замежных справаў Латвіі Эдгар Рынкевіч напісаў у Twitter, што разам з краінамі-аднадумцамі будзе выступаць за забарону візаў ЕЗ для грамадзянаў Расейскай Федэрацыі.

Кіраўнік дыпламатыі ЕЗ Жузэп Бурэль выказаўся супраць поўнай забароны на візы для расейцаў

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны