Псіхатэрапеўтка – пра відэа штурму кватэры Зельцараў: Гэта сродак запужвання

Відэа штурму кватэры Андрэя Зельцара ў той жа дзень распаўсюдзілі па дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. У выніку жудасныя кадры забойства двух беларусаў аказаліся даступнымі для прагляду амаль кожнаму. Псіхатэрапеўтка Наталля Скібская распавяла Belsat.eu, як гэтая трагедыя ды агульная сітуацыя ў краіне ўплываюць на здароўе звычайных грамадзянаў.

– Наталля, навошта наагул, на вашую думку, паказалі беларусам кадры штурму кватэры Андрэя Зельцара?

– Я думаю, што гэтае відэа нам паказваюць, каб падаць выразны мэсідж: маўляў, вы не ў бяспецы нават у сябе ўдома, бойцеся. Гэта сродак запужвання. Цяпер ідзе такая кампанія з боку дзяржаўных СМІ: падзяляй і ўладар. А з другога боку – запужвай. І цяпер запужванне ідзе праз удары па аснове піраміды Маслава, то бок нашая фізічная бяспека – гэта аснова, апошняя апора.

Скрыншот з відэа t.me/zheltyeslivy

– Як у такой рэчаіснасці беларусам захаваць сваё псіхічнае здароўе?

– Безумоўна, канвеер траўматыкаў працуе. Відавочна, што будуць дрэнныя наступствы. Рыхтуючыся да эфіру, я думала пра тое, што можа зрабіць кожны чалавек. Трэба сабе паставіць выразную мэту, што ў кожнага з нас ёсць права. І важна агучыць яго сабе ды паставіць такую мэту: захаваць сябе фізічна і псіхічна. А таксама паклапаціцца пра сваіх блізкіх і тых, хто ад нас залежыць: напрыклад, пра дзяцей.

Псіхіка – вельмі стабільная і жывучая канструкцыя, яна заўсёды адаптуецца, і пад гэтую сітуацыю мы таксама адаптуемся. Тут стаіць толькі пытанне цаны, за кошт чаго мы адаптуемся. Любая нашая рэакцыя – гэта адаптацыя. Паводле законаў псіхікі, калі такія масавыя падзеі не ўсведамляюцца і не прапрацоўваюцца, не праводзіцца праца над памылкамі, праз пакаленне людзі ўжо не памятаюць, што адбывалася, але яны хварэюць фізічна. Каб рабіць прафілактыку фізічнага здароўя насельніцтва, патрэбная пэўная псіхалагічная праграма самадапамогі і дапамогі з боку дзяржавы. Мы павінныя ў выніку ўсвядоміць гэтыя падзеі ды адпрацаваць іх, зрабіць нейкія вывады і не паўтараць памылак.

30 пытанняў да афіцыйнай версіі страляніны на Якубоўскага

– Ці можна звычайнаму чалавеку пераадолець страх, які ўзнікае ў выніку рэпрэсіяў і гвалту ў краіне?

– Безумоўна, але ў гэтай сітуацыі, мне здаецца, самае важнае – гэта не барацьба са страхам, а ўменне спраўляцца з трывогаю. Бо цяпер у нас вельмі шмат непрадказальнасці, зусім не зразумела, што будзе ў будучыні. Цяпер вельмі высокі ўзровень трывогі ў грамадстве. І гэта тое, з чым трэба спраўляцца.

Хачу дадаць, што дзяржава – гэта не толькі дзяржаўныя органы, але і грамадзянская супольнасць. Таму, калі я кажу пра дзяржаву, я маю на ўвазе і людзей, якія жывуць у гэтай дзяржаве. Яны таксама могуць нешта рабіць, каб супольна пераадольваць наступствы гэтых падзеяў.

Акцыя памяці Андрэя Зельцара адбылася ў Кіеве каля беларускай амбасады. У акцыі прынялі ўдзел каля 50 чалавек. 28 верасня 2021 года Андрэй Зельцар адкрыў агонь па супрацоўнікам КДБ, калі тыя ўварваліся да яго ў кватэру. У выніку ён быў забіты ў перастрэлцы. У кватэры Андрэй пражываў з жонкай і сынам-школьнікам. Кіеў, Украіна. 29 верасня 2021 года. Фота: Белсат

– Што вы можаце параіць беларусам, каб пераадолець трывожнасць і захаваць сваю псіхіку здароваю?

– Што да праграмы захавання свайго здароўя, то яна, у прынцыпе, складаецца з даволі простых і лёгкіх для разумення крокаў.

Па-першае, кожны павінен усвядоміць рэчаіснасць: трэба назваць шчырымі словамі тое, дзе мы цяпер. Нашае беларускае грамадства цяпер па-за межамі прававога поля. У нас цяпер дзяржаўныя органы жывуць не паводле закону, а паводле паняццяў, і гэта трэба выразна разумець. Не размываць межаў уласнага разумення таго, што адбываецца. Калі мы выразна разумеем сітуацыю, у якой мы цяпер, нам ужо лягчэй. Мы разумеем, дзе мы. Потым нам трэба вызначыць, якія рэсурсы мы маем, як мы можам спраўляцца і дзе ў нас нястача рэсурсаў. Пасля гэтага мы мусім прадумаць стратэгію. Кожны для сябе ці кожная сям’я маюць вызначыць і прадумаць нейкія планы, якіх яны могуць прытрымлівацца ў гэтых сітуацыях. Што можна рабіць, з кім мець зносіны, да каго звярнуцца па дапамогу, куды з’ехаць і што трэба для гэтага зрабіць, а таксама – колькі ёсць грошай і як уладкавацца на новым месцы, калі будзе такая неабходнасць. Для прыкладу, калі мяне забяруць у турму, то хто будзе клапаціцца пра маіх бацькоў ці дзяцей? Гэтыя рэсурсы трэба падсабраць і трэба быць гатовым прытрымлівацца іх. Мусіць быць выразнае разуменне таго, што рабіць, калі нешта здарыцца. Трэба прытрымлівацца гэтых стратэгіяў, а таксама збіраць інфармацыю, бо адсутнасць інфармацыі – сур’ёзная прычына павышэння ўзроўню трывогі.

– Як можна патлумачыць фактычна пастаўленыя на дзяржаўны паток здзекі спецслужбаў з людзей?

– На жаль, я вымушаная канстатаваць, што разуменне, неабходнае для прадстаўнікоў спецслужбаў, – гэта неабходнасць усвядоміць уласную ахвяру. То бок яны самі ахвяры гвалту ў нейкі час: можа быць, у дзяцінстве ці падчас навучання, але яны самі былі ахвярамі гвалту. І тое, што яны робяць, – гэта помста тым міфічным фігурам, якім яны хацелі б адпомсціць за атрыманы боль. Але помсцяць яны не тым.

Я раю ўсім не баяцца звяртацца па псіхалагічную дапамогу, псіхіятрычную ў тым ліку. Калі вы адчуваеце, што фізічна не можаце гэтага выносіць, не стае рэсурсаў арганізму, каб перажываць гэтыя падзеі, звяртайцеся, калі ласка, да спецыялістаў. Важна захаваць сваё здароўе.

Тры важныя пытанні пра страляніну на Якубоўскага. Каментуе адвакат Сяргей Зікрацкі

ВК Belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны