Акупаваныя тэрыторыі Украіны стануць часткай Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі

На самаабвешчаныя ДНР, ЛНР, акупаваныя Херсонскую і Запарожскую вобласці Украіны пасля абвяшчэння іх далучэння да Расеі будзе распаўсюджвацца дамова аб Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі, заявіў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў, паведамляе ТАСС.

Паводле Пяскова, акупаваныя тэрыторыі стануць «суверэннай тэрыторыяй Расейскай Федэрацыяй», а таму аўтаматычна ўвойдуць у Саюзную дзяржаву з Беларуссю.

Тэрыторыю ДНР далучаць да Расеі ў межах 2014 года, у тым ліку часткі, якія цяпер кантралюе Кіеў.

«Яе маем цалкам вызваліць», – сказаў прадстаўнік Крамля пра тэрыторыю Данецкай вобласці, якую кантралююць украінцы.

Выбаршчыкі самаабвешчанай ДНР на ўчастку для галасавання. Фота: РИА Новости

Адназначнага адказу на пытанне, ці ўсю тэрыторыю Запарожскай і Херсонскай вобласцяў Расея будзе лічыць сваёй, Пяскоў не даў.

«Данецкая і Луганская народныя рэспублікі прызнаныя Расеяй у рамках межаў 2014 года. Што датычыць тэрыторыяў Херсонскай і Запарожскай вобласцяў, мне трэба гэта ўдакладніць. Сёння ўсё ўдакладнім», – заявіў прэс-сакратар Пуціна журналістам.

Пуцін падпісаў указы аб прызнанні незалежнасці Запарожскай і Херсонскай абласцей

Пяскоў паведаміў, што Пуцін абмяркоўваў з Лукашэнкам рэферэндумы на акупаваных тэрыторыях падчас іхнай апошняй сустрэчы.

«Прэзідэнт Расеі падрабязна інфармаваў пра тое, як праходзілі рэферэндумы, пра настроі на гэтых тэрыторыях», – сказаў прэс-сакратар кіраўніка Расеі.

А 15-й гадзіне 30 верасня ў Крамлі запланаванае абвяшчэнне анексіі ДНР, ЛНР і акупаваных Запарожскай і Херсонскай вобласцяў Украіны.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны