Новыя законы, правілы, надбаўкі і абмежаванні. Што зменіцца ў Беларусі ў кастрычніку

«Белсат» прадстаўляе галоўныя змены кастрычніка, якія чакаюць беларусаў. Сярод іх – новыя законы, у тым ліку рэпрэсіўныя і абмежавальныя, новыя кошты, а камусьці нават абяцаюць новыя надбаўкі. Падрабязнасці – у нашым матэрыяле.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Новыя правілы банкруцтва

1 кастрычніка ўступае ў моц закон «Аб урэгуляванні неплацежаздольнасці». У дакуменце прадугледжана падтрымка прадпрыемстваў, якія збанкрутавалі, зняцце нагрузкі з судоў і ўскладанне каардынацыі ў працэдурах банкруцтва на ўрад і мясцовыя ўлады. Ураду даручана зацвярджаць пералік прадпрыемстваў, якія не могуць быць схільныя да банкруцтва. Гэта прадпрыемствы ВПК, энергетыкі, валаўтваральныя (незалежна ад формы ўласнасці). Дзяржаўныя органы таксама змогуць больш актыўна прымяняць інструменты антыкрызіснага кіравання ў дзяржаўным сектары, выканкамы – папярэджваць банкруцтва прыватных прадпрыемстваў, а кіраўнік дзяржавы – вызначаць падставы для прыпынення любой працэдуры па справе аб неплацежаздольнасці або банкруцтве, прадугледжваць выняткі, у тым ліку індывідуальныя, з закона, а таксама асаблівасці для асобных даўжнікоў або іх катэгорыяў.

Змены ў жыллёвых аблігацыях

З 1 кастрычніка па новых правілах будуць выдавацца жыллёвыя аблігацыі. Рэгістраваць будуць толькі выпускі жыллёвых аблігацый для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у рамках інвестыцыйных дамоваў, заключаных да 7 лістапада 2021 года і якія прадугледжваюць магчымасць выкарыстання жыллёвых аблігацый. Таксама магчымая рэгістрацыя жыллёвых аблігацый па рашэнні прэзідэнта.

Рэгістрацыя валютных дагавораў

1 кастрычніка ўступаюць у моц змены ў парадак рэгістрацыі рэзідэнтамі дамоваў на вэб-партале «Рэгістрацыя валютных дагавораў». Так, уводзяцца новыя тып і падтып валютнага дагавора, якія датычаць змяшаных валютных дагавораў і прадугледжваюць экспарт ды імпарт. Вылучаюцца ў асобныя падтыпы валютныя дагаворы, якія прадугледжваюць аказанне страхавых паслуг, пасрэдніцкія дагаворы, а таксама ўносяцца іншыя змены.

Захоўваюцца РВСР

Нацбанк падоўжыў да канца кастрычніка дзеянне бягучых значэнняў разліковых велічынь стандартнай рызыкі (РВСР), якія абмяжоўваюць верхнюю мяжу працэнтных ставак. Па новых крэдытах у рублях, акрамя льготных, прадстаўленых юрыдычным асобам (за выключэннем ільготных), яны складуць 10,82% гадавых, фізічным асобам – 14,61%.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Расказаць аб грамадзянстве і ВНЖ

10 кастрычніка мінае трохмесячны тэрмін, цягам якога, згодна з новаўвядзеннямі ў закон «Аб грамадзянстве», грамадзяне Беларусі, якія дадаткова атрымалі грамадзянства, ПМЖ або ВНЖ або, напрыклад, «карту паляка», абавязаныя праінфармаваць пра гэта міліцыю або дыпламатычную службу РБ. У адваротным выпадку тых, хто не распавёў пра гэтыя дакументы абяцаюць пакараць.

Змяненне ў дзейнасці медыя

З 7 кастрычніка ўступаюць у моц змены ў закон аб СМІ. У іх вызначаны правы і абавязкі ўладальніка навінавага агрэгатара, пашыраны пералік звестак, якія ўладальнік інтэрнэт-рэсурсу абавязаны размясціць пра сябе на такім рэсурсе. Дапоўнены пералік падстаў анулявання пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі медыя і ўдакладнены парадак распаўсюджвання тэлепраграм, якія ўваходзяць у абавязковы агульнадаступны пакет. Таксама з 7 кастрычніка скарэктавана Палажэнне аб парадку абмежавання (аднаўлення) доступу да інтэрнэт-рэсурсу, сеткавага выдання. А з 22 кастрычніка перагледзяць падставы прыпынення дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўца, вытворцы, распаўсюдніка друкаваных выданняў.

Узбуйненне холдынгаў

Да 1 кастрычніка павінны быць узбуйнены шэраг беларускіх холдынгаў і прадпрыемстваў. У склад «МТЗ-ХОЛДЫНГ» увойдуць ААТ «Гомельскі завод станкоў і вузлоў», ААТ «СтанкаГомель», ААТ «ВІСТАН». Гомельскі ААТ «КАРАЛ» і ААТ «Прамдрук» увойдуць у склад холдынгу «ІНТЭГРАЛ», ААТ «Электраапаратура» – холдынгу «МЭТЗ імя В. І. Казлова», ААТ «Бярэзінскае» стане даччынай кампаніяй ЗАТ «АТЛАНТ». А дзяржаўныя пакеты акцый даччыных кампаній ААТ «Белколермет», ААТ «Брэсцкі электрамеханічны завод» і ААТ «Брэсцкі электралямпавы завод» будуць перададзены ў статутныя фонды кіраўнікоў кампаній холдынгаў «Беларуская металургічная кампанія», «Бабруйскаграмаш» і «ГАРЫЗОНТ» адпаведна.

Падаражэюць цыгарэты і, магчыма, газ

З 1 кастрычніка падаражэюць некаторыя маркі цыгарэт. У залежнасці ад маркі рост коштаў складзе ад 5 да 45 капеек. Ён закране некаторыя віды цыгарэт «Магнат», «Минск», «Премьер», «Фэст», Dove, Credo, NZ, Queen, Matrix, portal, Pall Mall, Rigins, Kent, Vogue, Rothmans, RB, Mac, «Корона», «Форт», Kalipso, LD, Pall Mall, Camel, Richmond, Kent, Rothmans, Vogue, Lucky Strike, Red Bor, Chapman, Dunhill і Rothmans.

А Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю прыняло пастанову, якой змяніла цану за 1 кг звадкаванага газу для запраўкі газавых балонаў абʼёмам ад 1 л да 27 л. Дакумент уступіць у моц пасля афіцыйнага апублікавання, магчыма, ужо ў кастрычніку.

Што рабіць з дарогамі

Да 10 кастрычніка будзе выканана карэктаванне дзяржаўнай праграмы «Дарогі Беларусі» на 2021-2025 гады «з улікам новых эканамічных умоў і прыярытэтных напрамкаў развіцця сектароў эканомікі». У прыватнасці, плануецца павялічыць абʼёмы рамонту аўтадарог агульнага карыстання ў 2024-2025 гадах для прывядзення сеткі ў належны стан.

Абмежаванне таварыстваў уласнікаў

2 кастрычніка сканчаецца грамадскае абмеркаванне праекту закона «Аб змяненні законаў па пытаннях кіравання жыллёвым фондам і яго эксплуатацыі». Дакумент узмацняе адказнасць старшыняў праўленняў арганізацый уласнікаў, у тым ліку за невыкананне патрабаванняў уладаў. Пры гэтым адной арганізацыі ўласнікаў дазволяць працаваць толькі з адным шматкватэрным жылым домам, а старшыня адначасова зможа працаваць толькі ў адным таварыстве або ЖБВК. Таксама ў мясцовых выканкамаў стане больш магчымасцяў прызначаць свайго ўпаўнаважанага і ліквідаваць таварыства або ЖБВК без права паўторнага стварэння такой арганізацыі.

Надбаўкі і «убаўкі» у медыцыне

У медыцыне з 1 кастрычніка на 50% акладу вырастуць надбаўкі за асаблівасці прафесійнай дзейнасці работнікам з вышэйшай немедычнай адукацыяй: псіхолагам, біёлагам, энтамолагам, фізікам, хімікам, фізіёлагам, інструктарам-метадыстам фізічнай рэабілітацыі, па эргатэрапіі, па адаптыўнай фізкультуры, заолагам. Таксама вызначана надбаўка за асаблівасці прафесійнай дзейнасці лекарам-рэабілітолагам у памеры 50% акладу. Але выключана норма па ўсталяванні надбаўкі за асаблівасці прафесійнай дзейнасці педагагічным супрацоўнікам з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу, якія выконваюць функцыі куратараў вучэбнай групы, пры рэалізацыі зместу адукацыйных праграм вышэйшай адукацыі пры дзённай форме атрымання адукацыі. Таксама абмяжоўваюцца надбаўкі за складанасць і напружанасць працы ў залежнасці ад узроўню аказання медычнай дапамогі ў частцы памеру сродкаў, што накіроўваюцца на яе выплату, і памера гэтай надбаўкі канкрэтнаму работніку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

БелАЭС сыходзіць на рамонт

Першы энергаблок БелАЭС у першай палове кастрычніка маюць намер вывесці ў планава-папераджальны рамонт. Прадугледжваецца правядзенне рэгламентных работ, у тым ліку па перагрузцы ядравага паліва ў актыўную зону рэактара.

Вырасце дапамога на пахаванне

Памер «пахавальнай дапамогі» з 1 кастрычніка вырасце на 29 рублёў 30 капеек. Яго памер залежыць ад сярэдняга заробка па краіне і змяняецца штомесяц.

Школьныя канікулы і рэпетыцыйныя ЦТ

У кастрычніку пройдзе першы з трох этапаў рэпетыцыйнага тэставання. Другі адбудзецца ў студзені, трэці – з сакавіка па красавік. Паспрабаваць сілы можна па 15 прадметах.

А 29 кастрычніка ў школьнікаў пачнуцца восеньскія канікулы, якія працягнуцца па 8 лістапада.

Стратэгічныя кітайскія лекі

З 14 кастрычніка зменіцца парадак дзяржаўнай рэгістрацыі лекавых сродкаў і стратэгічна важных лекавых прэпаратаў. А ў пералік стратэгічна важных лекавых прэпаратаў увойдзе лекавы прэпарат традыцыйнай кітайскай медыцыны.

Атамныя адходы і не толькі

З 1 кастрычніка ўступіць у моц новы рэгламент Канстытуцыйнага суда і абмяжуюць працу жанчын і падлеткаў на вытворчасці вырабаў з гумы і пластмасы. Таксама пачнуць па новых правілах атэстоўваць і пераатэстоўваць антыкрызісных кіраўнікоў.

З 14 кастрычніка пачынае дзейнічаць закон «Аб рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі», які закранае пытанні абыходжання з ядравымі матэрыяламі, жыццёвага цыклу ядравай устаноўкі і пунктаў захоўвання і захавання, гарантыі ў галіне забеспячэння бяспекі выкарыстання атамнай энергіі, меры аварыйнага рэагавання.

З 23 кастрычніка новымі патрабаваннямі дапоўніцца парадак правядзення дзяржаўнай экспертызы горадабудаўнічых, архітэктурных і будаўнічых праектаў, а таксама парадак накіравання апавяшчэнняў аб вытворчасці будаўніча-мантажных работ.

Куды (не) паляцяць самалёты

«Азербайджанскія авіялініі» (AZAL) маюць намер 1 кастрычніка адкрыць рэгулярныя рэйсы паміж Баку і Менскам. А «Белавія» 3 кастрычніка запускае прамы рэйс у Абу-Дабі. Гэта трэці горад ААЭ, куды яна пачне лётаць. Зараз палёты выконваюцца ў Дубай і Шарджу.

Таксама «Белавія» плануе 16 кастрычніка запусціць яшчэ адну чартарную праграму, якая звяжа Менск і Марса-Алам (Егіпет). Паездкі разлічаны на 10-11 начэй. 29 кастрычніка яна адкрые рэгулярныя рэйсы з Гомля ў міжнародны аэрапорт Унукава (Масква).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

А вось прызначанае на 10 кастрычніка аднаўленне «Белавіяй» чартарных рэйсаў з Менску ў Доху (Катар) адмяняецца. Такое рашэнне прынялі «кампетэнтныя органы» Катара.

Канец летніх ільгот і маршрутаў

Да канца кастрычніка пенсіянеры могуць ездзіць са зніжкай у 50% на цягніках рэгіянальных ліній эканом-класа. Ільготу ўвялі з 1 мая на час сезонных сельскагаспадарчых работ.

А ў Менску з 2 кастрычніка на асенне-зімовы перыяд адмяняюцца рэйсы па шэрагу прыгарадных аўтобусных маршрутах. Адначасова арганізуюць некаторыя новыя рэйсы.

Макар Мыш / Авер belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны