Беларусы плакалі. Вольны хор даў канцэрт памяці расстраляных паэтаў
2023.10.30 14:32
У варшаўскім касцёле Святога Аляксандра 29 кастрычніка адбыўся канцэрт памяці рэпрэсаваных паэтаў, прысвечаны гадавіне Ночы расстраляных паэтаў, якая адбылася ў 1937 годзе. Паглядзіце, як гэта было.
Не ўсім ахвочым трапіць на выступленне Вольнага хору хапіла месца ў касцёле, таму частка беларусаў прыслухоўвалася да спеваў, стоячы на вуліцы. Атмасфера канцэрту ў святыні і галасы хору ўражвалі да дрыжыкаў – большасць беларусаў не змагла стрымаць слёз.
«Белсат» зладзіў трансляцыю на YouTube-канале «Белсат Music».
Прагучалі творы на вершы забітых бальшавікамі Алеся Дудара, Цішкі Гартнага і Міхася Чарота, рэпрэсаваных Міколы Куліковіча, Наталлі Арсенневай, Міколы Равенскага, Міхася Кавыля, Дзмітрыя Верасава, Вольгі Бурнос, Сяргея Новіка-Пеюна і іншых. У тым ліку 10 твораў рэпрэсаваных беларускіх паэтаў прагучалі ўпершыню.
За некалькі дзён да падзеі журналісты «Белсату» пабывалі на рэпетыцыі Вольнага хору ды паразмаўлялі з яго мастацкаю кіраўніцай і дырыжоркаю Галінаю Казіміроўскаю. 29 кастрычніка 2020 года спадарыня Галіна разам з хорам мелася трапіць у Курапаты, каб спяваць на імпрэзе. Замест гэтага трапіла ў камеру на Акрэсціна.