У Расеі затрымалі ўдзельніка акцыі ў памяць аб ахвярах рэпрэсіяў за плакат на беларускай мове

30 кастрычніка ў расейскай Яшкар-Але аднаго з удзельнікаў акцыі ў памяць пра ахвяраў бальшавіцкага тэрору затрымалі за плакат, напісаны па-беларуску.

Плакат, за які затрымалі Кірыла Вайтовіча. Фота: idelreal.org

30 кастрычніка прайшло ўскладанне кветак да мемарыялу ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, на якое прыйшлі сваякі рэпрэсаваных савецкімі ўладамі, піша выданне «Idel.Реалии».

Мясцовыя ўлады адмовілі ініцыятыўнай групе ў правядзенні мітынгу.

Але пасля завяршэння акцыі да аднаго з удзельнікаў – Кірыла Вайтовіча – падышлі паліцыянты і затрымалі за тое, што ён размясціў плакат у адной з нішаў мемарыялу, дзе былі кнігі аб рэпрэсіях і партрэты ахвяраў сталінскага тэрору.

На плакаце мужчыны быў надпіс, зроблены па-беларуску:

«Ноч паэтаў. 29–30 кастрычнiка. Вечная памяць ахвярам бальшавiцкага тэрору. Жыве вечна».

Паводле словаў удзельнікаў акцыі, Вайтовіча пасадзілі ў паліцэйскую машыну і адправілі ў аддзяленне паліцыі. Меркавана, для правядзення «прафілактычнай размовы».

Нагадаем, што 28 кастрычніка суд у Маскве арыштаваў студэнта першага курсу на пяць содняў за выкарыстанне студэнцкага білета з выявай бела-чырвона-белага сцяга. На думку паліцэйскіх, гэты сцяг ёсць сімвалам палка імя Кастуся Каліноўскага.

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны