У Менску пачнуць судзіць экс-міністра лясной гаспадаркі

Затрыманага ў красавіку 2022 года былога міністра лясной гаспадаркі Беларусі Віталя Дрожжу пачнуць судзіць 8 снежня. Адпаведная інфармацыя змешчаная на сайце Вярхоўнага суду Беларусі.

Віталь Дрожжа. Фота: mlh.by

Судзіць чыноўніка будуць у Менскім гарадскім судзе паводле артыкулу аб атрыманні хабару (ч. 3 арт. 430 КК). Справу будзе разглядаць суддзя Анастасія Папко.

Затрыманы міністр лясной гаспадаркі напісаў родным у лісце, што «ён тут такі не адзін»

Віталь Дрожжа ўзначальваў Мінлясгасу з 2018 года. Яго затрымалі працаўнікі ГУБАЗіК 16 красавіка 2022 года. Схапілі яго па дарозе на працу і з таго моманту ён застаецца за кратамі. Што стала прычынаю для арышту – пакуль невядома.

«Ён бацькам даслаў ліст, у якім напісаў нешта кшталту: «прабачце, што не апраўдаў вашых спадзяванняў». Таксама ён абазначыў, што «я тут такі не адзін». Мажліва, што гэта намёк, на тое, што ягонае затрыманне – гэта толькі частка вялікага расследавання ў лясной гаспадарцы, але гэта проста здагадка», – кажуць блізкія Віталя Дрожжы.

У траўні Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб звальненні Дрожжы ў сувязі са здзяйсненнем правіны, несумяшчальнай са знаходжаннем на дзяржаўнай службе.

Веснавая пасадка ў Міністэрстве лясной гаспадаркі. Што вядома пра затрыманне міністра Віталя Дрожжы?

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны