Махляры выманілі ў мужчыны вялікую суму, напужаўшы яго крыміналкай за здраду радзіме

Жыхару Віцебска патэлефанавалі махляры, прадставіўшыся «супрацоўнікамі спецслужбаў», і абвінавацілі яго ў здрадзе дзяржаве. Каб зняць з сябе «абвінавачанне», мужчына выконваў усе патрабаванні махляроў і пазбавіўся ў выніку вялікай сумы грошай, паведамляе выданне «Віцьбічы», спасылаючыся на інфармацыю аддзелу па супрацьдзеянні кібарзлачыннасці Першамайскага РУУС г. Віцебска.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Anete Lusina / Pexels

37-гадовы прараб атрымаў тэлефанаванне, у якім жанчына, якая прадставілася «дазнавальнікам спецслужбаў», паведаміла яму аб завядзенні ў дачыненні да яго крымінальнай справы за здраду радзіме. Прычына нібыта ў тым, што з ягонага рахунку была адпраўленая буйная сума грошай на фінансаванне Узброеных сілаў Украіны.

Пасля з мужчынам звязаліся іншыя махляры (таксама пад выглядам прадстаўнікоў «спецслужбаў»), якія цягам некалькіх дзён давалі яму ўказанні, што трэба рабіць, каб даказаць сваю недатычнасць да пераводаў.

Дзеля гэтага ён паставіў спецыяльную праграму для аддаленага кіравання тэлефонам, а пасля выслаў махлярам свой фотаздымак, паставіўшы побач з тварам свой пашпарт.

У выніку злачынцы атрымалі доступ да ўсіх персанальных дадзеных мужчыны і знялі з ягоных картак 23 600 рублёў.

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны