У Беларусі заснавалі новую ўзнагароду для дзяржаўных прапагандыстаў

У Беларусі з’явіцца новая дзяржаўная ўзнагарода «Заслужаны работнік сродкаў масавай інфармацыі», якая будзе ўведзеная ў сістэму дзяржаўных узнагародаў.

Прапагандысты. Фота: калаж Улада Рубанава / Еўрарадыё

Адпаведны законапраект, які ўносіць змены ў закон «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь», быў прыняты ў другім чытанні на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў 29 лістапада.

Узнагарода ўводзіцца, як адзначаецца ў законапраекце, «у мэтах падвышэння аўтарытэту дзейнасці айчынных журналістаў і іншых працаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі».

Званне «Заслужаны работнік сродкаў масавай інфармацыі» будзе надавацца «высокакваліфікаваным супрацоўнікам юрыдычных асоб, якія маюць статус СМІ, дзяржаўных органаў і ўстаноў і іншым асобам, якія вядуць дзейнасць у сферы масавай інфармацыі» 15 і больш гадоў.

Прысуджацца званне будзе за «значныя заслугі ў развіцці дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, сродкаў масавай інфармацыі, павышэння палітычнай культуры і сацыяльнай адказнасці грамадзянаў», адзначаецца ў законапраекце.

Нагадаем, што ў студзені 2021 года Лукашэнка ўзнагародзіў прапагандыстаў дзяржаўнымі ўзнагародамі за «высокі прафесіяналізм, вялікі асабісты ўклад у развіццё дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі і нацыянальнай журналістыкі». Так, узнагароды атрымалі Рыгор Азаронак (медаль «За адвагу»), Андрэй Мукавозчык (медаль «За працоўныя заслугі»), Людміла Гладкая атрымала падзяку Лукашэнкі.

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны