Паўтара года «хатняй хіміі» – за плакат і «знак «V» пальцамі рук»

Cуд Ленінскага раёну Менску агучыў прысуд 33-гадоваму Аляксандру Дзербінскаму, абвінавачанаму ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК). Вырак: 1,5 года «хатняй хіміі», паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Паводле матэрыялаў справы, Аляксандр Дзербінскі «ў жніўні 2020 года браў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў цэнтры Менску: публічна выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў рукамі, дэманстраваў у якасці пратэставага сімвалу жэст «V» пальцамі рук, выкарыстоўваў у якасці сімволікі плакат з тэкстам пратэставага зместу».

Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, мужчына нёс падчас шэсця плакат з патрабаваннямі работнікаў заводу.

Справу разбірала суддзя Анастасія Ачалава. Яна прызнала Аляксандра Дзербінскага вінаватым у злачынстве паводле ч. 1 арт. 342 КК і пакарала яго абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 1 год 6 месяцаў («хатняя хімія»).

Мужчына быў вызвалены з-пад варты ў зале суда, піша «Вясна».

Зміцер Міраш belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны