У Вярхоўным судзе Беларусі 31 сакавіка разгледаліся апеляцыйныя скаргі фігурантаў «справы Аўтуховіча», паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Судовая калегія пад старшынствам суддзі Паўла Каршуновіча прыняла рашэнне вызваліць Мікалая Аўтуховіча ад прызначанага пакарання праз заканчэнне тэрмінаў даўніны ў частцы асуджэння паводле арт. 295-3 КК РБ («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў»). Аднак тэрмін пакарання пакінуты без зменаў – 25 гадоў.
Ірыну Гарачкіну, якую судзілі разам з Аўтуховічам, Вярхоўны суд вызваліў ад пакарання паводле ч.1 арт.405 КК РБ («Пакрыванне цяжкага злачынства»). Турэмны тэрмін жанчыне скарацілі на 1 месяц.
Апеляцыйныя скаргі астатніх палітвязняў судовая калегія пакінула без задавальнення, а прысуд – у сіле. Неўзабаве асуджаных этапуюць у калоніі.
Гарадзенскі абласны суд 17 кастрычніка 2022 год агучыў прысуд па «справе Аўтуховіча». На лаве падсудных былі: Мікалай Аўтуховіч, святар Сяргей Рэзановіч, ягоная жонка Любоў Рэзановіч, іх сын Павел Рэзановіч, пенсіянерка Галіна Дзербыш, баранавіцкі актывіст Уладзімір Гундар, актывістка Вольга Маёрава, пенсіянерка Ірына Мельхер і яе сын Антон Мельхер, а таксама Ірына Гарачкіна, Віктар Снегур і Павел Сава.
Тэрміны, якія фігурантам справы прысудзіў суддзя Максім Філатаў, вагаюцца ад 2,5 да 25 гадоў калоніі. Антона Мельхера вызвалілі ў зале суда, бо залічылі тэрмін утрымання пад вартай.
Марыя Міхалевіч belsat.eu