OliviaHelp.org прыходзіць на дапамогу ахвярам хатняга гвалту  

Ад 1 красавіка бясплатная анлайн-лінія OliviaHelp.org для жанчын, пацярпелых ад хатняга гвалту, пашырые графік працы. Цяпер з панядзелка па пятніцу спецыялісты сэрвісу будуць дапамагаць жанчынам, якія апынуліся ў такіх жудасных сітуацыях.

Каманда псіхолагаў і юрыстаў з вялікім вопытам у тэме хатняга гвалту гатова аказаць інфармацыйную, псіхалагічную і прававую дапамогу і падтрымку з 10:00 да 18:00 па беларускім часе ў любы працоўны дзень тыдня. Па пятніцах на лініі будзе дзяжурыць псіхолаг, гатовы дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Пры гэтым звароты праз месэнджэры ці форму на сайце oliviahelp.org прымаюцца кругласутачна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Depositphotos

Справа, якую робіць OliviaHelp.org, аказалася вельмі запатрабаванай. Пачынаючы з лютага 2023 года лінія працуе ў пастаянным фармаце, і толькі за гэты час спецыялісты атрымалі ўжо 130 зваротаў. Прычым звяртаюцца на яе жанчыны не толькі з тэрыторыі Беларусі, але і з тых краін, куды масава выязджалі нашы суайчыннікі – Літвы, Польшчы, Грузіі, Украіны.

Паводле дадзеных МУС Беларусі, штогод па дапамогу ў праваахоўныя органы звяртаюцца больш за 10 000 чалавек, якія пацярпелі ад хатняга гвалту. Але, на вялікі жаль, ацаніць маштабы праблемы даволі складана, бо колькасць адміністрацыйных ці крымінальных спраў не ў поўнай меры адлюстроўвае сітуацыю: большасць справаў пачынаюцца толькі пасля заяваў ахвяр. Пры гэтым згодна са звесткамі еўрапейскіх даследаванняў, жанчыны звяртаюцца ў праваахоўныя органы толькі пасля пятага інцыдэнту хатняга гвалту. Таму праблема мае схаваны характар.

З гэтай прычыны вельмі важна развіваць спецыялізаваныя сервісы для пацярпелых, адзначаюць у OliviaHelp.org, вучыць спецыялістаў: псіхолагаў, юрыстаў, адвакатаў, медыцынскіх работнікаў, а асабліва супрацоўнікаў праваахоўных органаў, таму што ад якасці іх работы залежыць давер ахвяр і ўзровень зваротаў.

Спецыялісты OliviaHelp.org побач і гатовы дапамагчы разабрацца ў кожнай канкрэтнай сітуацыі. Яны спадзяюцца, што тыя, хто даведаецца пра лінію oliviahelp.org, падзеляцца гэтай інфармацыяй з сябрамі і блізкімі, якім яна можа быць актуальна.

“Мы разумеем, наколькі важна мець доступ да прафесійных кансультацый і падтрымкі ў цяжкія моманты і спадзяёмся, што пашырэнне графіка працы нашай анлайн-лініі дапаможа дасягнуць гэтай мэты і падтрымаць беларусак», – распавялі прадстадстаўнікі каманды oliviahelp.org.

Са спецыялістамі можна звязацца праз месэнджэры ці па тэлефоне на сайце oliviahelp.org. Вельмі важна, адзначаюць прадстаўнікі каманды, напісаць, задаць свае пытанні, удакладніць тыя моманты, якія выклікаюць няўпэўненасць. Галоўнае – не замыкацца ў сабе і пачаць вырашаць праблему, якая разбурае ваша жыццё. Каманда сэрвісу гарантуе ананімнасць, бяспеку і канфідэнцыйнасць вашых зваротаў.

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны