Выйшаў на волю 70-гадовы палітвязень Уладзімір Няпомняшчых

Гомелец правёў за кратамі больш за два гады.

Уладзімір Няпомняшчых. Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна».

На волю выйшаў гомельскі актывіст Уладзімір Няпомняшчых, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна» са спасылкаю на Анатоля Лябедзьку.

Уладзіміра Няпомняшчых затрымалі 25 снежня 2020 года. Яго абвінавацілі ў абразе памочніцы пракурора Гомля Алесі Жураўскай у залі суда. Паводле боку абвінавачання, 26 лістапада 2020 года, пасля абвяшчэння прысуду Георгію Васіленку за падняты на гомельскай плошчы бел-чырвона-белы сцяг на флагштоку, актывіст сказаў: «Арганізаваная злачынная група». Алеся Жураўская на тым судзе выступала на баку абвінавачання.

Уладзімір Няпомняшчых віны не прызнаў і заявіў, што гэты выраз меў дачыненне да абвешчанага крымінальнага прысуду. Тым не менш, 7 красавіка 2021 года мужчыну прысудзілі да 2,5 года калоніі агульнага рэжыму. Тэрмін ён адбываў у магілёўскай калоніі № 15. У зняволенні Уладзіміра ўтрымлівалі больш за 2 гады і 3 месяцы.

1 верасня 2022 года Уладзімір Няпомняшчых сустрэў за кратамі 70-гадовы юбілей.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на 31 сакавіка 2023 года 1474 асобы ў Беларусі прызнаныя палітвязнямі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны