Беларускім школьнікам стане складаней перайсці ў 10 клас

У Беларусі змяняюцца правілы прыёму ў 10-я класы ў школах, паведамляе тэлеграм-канал «Беларусь 4 Могилёв». Залічэнне цяпер будзе адбывацца на конкурснай аснове па выніках 9 класаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: 1prof.by

Паводле пастановы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Аб прыёме для залічэння асобаў для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі» ад 17 жніўня 2022 года, прыём у 10 клас сярэдніх школаў будзе ажыццяўляцца на конкурснай аснове на падставе выніковай атэстацыі па прадметах, якія былі абраныя для вывучэння на паглыбленым узроўні і сярэдняга балу ў год залічэння.

Каб перайсці ў 10 клас, цяпер трэба мець сярэдні бал не ніжэйшы за 6, а для гімназіяў – не ніжэйшы за 7. Па профільных прадметах адзнакі павінны быць не ніжэйшыя за 7 балаў. Пры паступленні ў аграрныя класы пры наяўнасці месцаў можна прайсці з сярэднім балам 5.

Улічвацца будуць перамогі на рэспубліканскіх, абласных, гарадскіх ці раённых алімпіядах, удзел у навукова-практычных канферэнцыях.

Прыём дакументаў у 10 класы на 2023/24 навучальныя гады будзе праходзіць з 12 чэрвеня па 10 жніўня.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны