Улады заявілі, што знайшлі на Гомельшчыне новае радовішча нафты

Улады Беларусі заявілі, што новае радовішча нафты знойдзена ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці.

Нафта, знойдзеная на Гомельшчыне. Фота: geologiya.by

Для пошуку новых пакладаў нафты Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі распрацоўваў свідравіну нумар 1 «Заазерʼеўскае» на тэрыторыі Акцябрскага раёну Гомельскай вобласці. Глыбіня свідравіны складае 4,2 тыс. м.

Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк распавёў, што на глыбіне 4053-4069 метраў быў атрыманы прыток нафты з сярэднясутачным дэбетам каля 600 літраў.

«І гэта нядрэнны паказнік. Таму можна казаць, што намі адкрыта новае радовішча нафты», – цытуе міністра «СБ – Беларусь сегодня».

Паводле Сяргея Масляка, зараз супрацоўнікі НПЦ па геалогіі ўдакладняюць запасы чорнага золата. Папярэдне гэта больш за 150 тысяч тон нафты. Пасля таго як гэты паказнік будзе пацверджаны Рэспубліканскай камісіяй па запасах карысных выкапняў, радовішча будзе перададзена на дзяржаўны баланс і далей у працу «Беларуснафце».

150 тысяч тон – гэта нязначныя аб’ёмы ў маштабах краіны. Паводле афіцыйных дадзеных, прамысловыя запасы нафты ў Беларусі складаюць больш за 44 млн тон. Усяго за год у краіне здабываюць каля 1,9 млн тон нафты, але гэта толькі каля 15 % ад таго, што неабходна эканоміцы.

Нагадаем, у канцы красавіка Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы Масляка міністрам, загадаў яму «капаць і шукаць» нафту. «Я не веру, што ў нашых нетрах няма таго, што нам патрэбна. Вось калі хоць у нейкай ступені вырашыш гэтую задачу – гэта помнік можна ставіць у любым месцы», – сказаў Лукашэнка чыноўніку. У выніку менш чым праз месяц было абвешчана пра адкрыццё новага радовішча.

«Маскве патрэбнае паліва». Ніжнікаў пра рост паставак з беларускіх НПЗ у Расею

Глеб Нержын belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны