Аляксандр Лукашэнка патрабаваў дапрацаваць праект да 1 верасня. Паспелі ў апошні дзень.
Старшыня Канстытуцыйнага суду і кіраўнік дзяржаўнай канстытуцыйнай камісіі Пётр Міклашэвіч паведаміў «Інтэрфаксу» пра тое, што 31 жніўня праект паправак у Канстытуцыю Беларусі накіравалі Аляксандру Лукашэнку.
Адметна, што пра гэта на момант публікацыі не паведамляюць беларускія дзяржаўныя СМІ – толькі «Інтэрфакс», ТАСС і іншыя расейскія.
Ні ранейшы, ні дапрацаваны праект Канстытуцыі афіцыйна не публікавалі, народнага абмеркавання не ладзілі. Вядомыя толькі прапановы, якія публікаваў былы палітычны зняволены, а цяпер прыхільнік Лукашэнкі Юрый Васкрасенскі.
Мінулы раз праект Канстытуцыі паказвалі Лукашэнку месяц таму. Але на сустрэчы з «актывам» 30 ліпеня ён вярнуў праект на дапрацоўку і загадаў «прывесці ў адпаведнасць» гэты праект, бо там «заўвагаў аж на 170 аркушаў».
Сам Лукашэнка на «вялікай размове» 9 жніўня сказаў, што не ведае, як вырашыць нестыкоўкі ў праекце адносна фармавання «Усебеларускага сходу» і патэнцыйных канфліктаў сходу з Канстытуцыйным судом.
«Нельга гэтую Канстытуцыю, якая ёсць, – яна напраўду аўтарытарная – перадаць таму прэзідэнту, які прыйдзе, бо мы не ведаем, кім ён яшчэ будзе і як ён сябе павядзе», – казаў ён пра дзейны Асноўны закон.
Паралельна з праектам уладаў ствараецца і «Народная Канстытуцыя» ад грамадскай канстытуцыйнай камісіі.
АА belsat.eu